25 лютага а 18-ай гадзіне ў музеі-майстэрні Заіра Азгура адбудзецца адкрыццё выставы «Ізаляцыя» маладой беларускай мастачкі Разаліны Бусел.
Праект уяўляе сабой інсталяцыю, якая складаецца з тактыльных керамічных аб'ектаў і аўдыё-візуальнага шэрагу. Асноўная частка экспазіцыі – геаметрычныя формы з круглымі адтулінамі, куды можна зазірнуць, пакратаць тое, што знаходзіцца ўнутры. Пад знешняй абалонкай кожны раз хаваецца нешта новае і нечаканае: штучнае футра, грубыя вострыя камяні, плюшч, пузырчатая ўпакоўка, калючы керамічны абʼект.
Чаго баіцца чалавек у сучасным свеце? Што перашкаджае яму жыць так, як ён хоча? Што ўплывае на якасць яго жыцця?
Мэта праекта – прыцягнуць увагу да такога аспекту псіхалогіі як страх, заклікаць людзей змагацца са страхамі, якія перашкаджаюць нармальнаму жыццю. Некантралюемыя страхі перашкаджаюць самавызначэнню, самаідэнтыфікацыі і самарэалізацыі, блакуюць выхад з зоны камфорту, не даюць быць свабодным і ізалююць.
Праект «Ізаляцыя» быў рэалізаваны на кафедры керамікі і шкла Акадэміі мастацтваў (Уроцлаў, Польшча) у рамках стыпендыяльнай праграмы Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча «Gaude Polonia» ў 2019 годзе. Куратарам праекта выступіў прафесар Кшыштаф Разпондэк. Аўдыё-візуальны шэраг быў створаны сумесна з фатографам і відэографам Яўгенам Глушэнем (Беларусь).
паводле Польскага інстытута ў Мінску/вс