Беларуская Служба

Гродзенскі краязнаўчы клуб паказвае выставу «Пяціхвілінка»

18.03.2020 15:27
На выставе прадстаўлена 70 фотаздымкаў з архіваў гродзенцаў. У асноўным усе яны зроблены ў канцы 1930-х гадоў на рагу вуліц Ажэшкі і Дамініканскай (суч. Савецкая).
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnecongerdesign/pixabay.com/CC0

Гродзенскі краязнаўчы клуб з 12 сакавіка прадставіў у гандлёвым цэнтры OldCity выставу старых фотаздымкаў пад назвай «Пяціхвілінка». На ёй можна ўбачыць, як апраналіся гродзенцы і дзе фатаграфаваліся 90 гадоў таму. Гэта першы публічны праект нядаўна створанага гродзенскага краязнаўчага клуба.

У пачатку года на прэзентацыі кнігі «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч заявіў аб стварэнні ў Гродне краязнаўчага клуба для папулярызацыі гісторыі горада. Першая сустрэча краязнаўчага клуба прайшла ў лютым. Тады ж і прыйшла ідэя зрабіць выставу старых фатаграфій у OldCity.

На выставе прадстаўлена 70 фотаздымкаў з архіваў гродзенцаў. У асноўным усе яны зроблены ў канцы 1930-х гадоў на рагу вуліц Ажэшкі і Дамініканскай (суч. Савецкая).

– Гэтую выставу назвалі проста «Пяціхвілінка». Па-першае, яе можна паглядзець за пяць хвілін. А па-другое, вулічных фатографаў у цэнтры Гродна ў міжваенны час называлі ў народзе «пяціхвілінка». Самым папулярным месцам у 1930-х гадах, дзе фатаграфавалі гродзенцаў, быў кут Ажэшкі і Дамініканскай. Людзі ідуць, а фатограф іх здымае. Пасля дае квіток і запрашае ў свой салон паглядзець пробнікі. Калі здымак падабаўся, то афармляўся заказ і праз некаторы час кліент атрымліваў фатаграфію, – гаворыць Руслан Кулевіч, адзін са стваральнікаў клуба.

Выстава старых фотаздымкаў прабудзе ў OldCity больш за месяц. Пасля яна будзе выстаўляцца ў розных месцах горада.

ав