Беларуская Служба

Прапановы Польскага радыё на час каранціну

22.04.2020 09:59
Польскае радыё традыцыйна на час каранціну падрыхтавала культурніцкія прапановы для слухачоў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарElasticComputeFarm/CC0 Public Domain

Польскае радыё дзецям распачало паўтор цыклу канцэртаў для дзяцей у выкананні Аркестра Польскага радыё ў Варшаве і яго гасцей – гаворыць дырэктар аркестра Кшыштаф Кур:

-З 19 красавіка Польскае радыё дзецям распачынае цыкл паўтору нашых канцэртаў, якія мы выканалі з думкай менавіта пра дзяцей. Гэтыя канцэрты будуць транслявацца падчас пяці чарговых нядзель, то бок да 17 траўня, заўсёды ў 18.00 у Польскім радыё дзецям.

Дадаткова музыканты Аркестра Польскага радыё заахвочваюць заставацца дома. Яны рыхтуюць спецыяльныя фільмы, у якіх паказваюць, што трэніруюцца іграць на інструментах у сваіх кватэрах. Першы запіс з серыі #pracujemywdomu ў выкананні першага трубача Бартка Кацпэрскага ўжо даступны ў сеціве. Матэрыял у першую чаргу падрыхтаваны для ўсіх медпрацаўнікоў у цэлым свеце падчас пандэміі – гаворыць Кшыштаф Кур:

-Аркестр Польскага радыё ў Варшаве, як і іншыя калектывы, не можа цяпер запісваць і праводзіць канцэрты. Аднак, гэта не азначае, што музыкі нічога не робяць. Наадварот. Мы клапоцімся пра тое, каб нашая форма была як мага лепшай, трэніруемся, рыхтуем новыя творы, якія спадзяемся зайграць для слухачоў у недалёкай будучыні. А ў гэтыя дні мы запрашаем на нашыя папярэднія канцэрты на хвалях Польскага радыё.

Канцэрты Аркестра даступныя, акрамя эфіру, на партале Польскага радыё і сацыяльных сетках, на профілях аркестра.

ав