Польшча рыхтуецца да адзначэння стагоддзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ. Польскае радыё, як адзін з асноўных грамадскіх вяшчальнікаў краіны, далучылася да адзначэння гэтай светлай даты. 15 траўня адбылася прэм’ера альбома Польскага радыё, прысвечанага Яну Паўлу ІІ – «Я быў з вамі».
Альбом «Я быў з вамі» – гэта ўнікальнае выданне Польскага радыё, падрыхтаванае спецыяльна з нагоды стагоддзя з дня нараджэння Яна Паўла ІІ. Альбом уяўляе сабой выбар найбольш важных для палякаў універсальных і заўсёды актуальных тэмаў, закранутых пантыфікам у казаннях і Каралям Вайтылам (імя папы рымскага да ўступлення на Пятроў пасад) у паэзіі. Можна вылучыць тры асноўныя катэгорыі творчасці папы: Айчына, патрыятызм і сям’я.
Упершыню менавіта Польскае радыё аб’яднала словы святара са словамі паэта. Словы, якія, з аднаго боку, пранікаюць адзін у адно, а з іншага боку – дапаўняюць.
Папа рымскі з Кракава дае адказ палякам на пытанне, што такое Радзіма, патрыятызм і сям'я. Ян Павел ІІ выдатна ведаў праблемы суайчыннікаў і закранаў іх у сваіх выступах падчас знамянальных падзеў для польскага народа, што і адлюстравана ў прадстаўленых аўдыязапісах. Выкарыстаныя ў альбоме «Я быў з вамі» і храналагічна выкладзеныя фрагменты пропаведзі, адлюстроўваюць усё вучэнне Святога Айца, гаворыць супрацоўнік архіва Польскага радыё Гражына Адамска:
-Нам падаецца, што мы ўсе добрае ведаем словы Папы, памятаем іх. Я намагалася выбраць тыя, якія былі самым важнымі для Яна Паўла ІІ, універсальныя словы. Мы намагаліся сутыкнуць паэзію Папы, якая паўставала ў 1950-60-ыя гады, з казаннямі, што прагучалі праз трыццаць гадоў пасля вершаў. Самыя важныя тэмы для Яна Паўла ІІ – Айчына, патрыятызм, адносіны паміж сужэнцамі, адносіны паміж бацькамі і дзецьмі.
Новы альбом польскага радыё «Я быў з вамі» складаецца з двух кружэлак: першая мае назву «Думаючы пра Радзіму...«, другая – «Думаючы пра сямʼю…», працягвае ГражынаАдамска:
-На другой кружэлцы зафіксаваны момант сустрэчы папы Яна Паўла ІІ з жыхарамі Вадовіцаў, яго роднага гораду. Там былі і песні, і доўгія размовы з людзьмі, з вернікамі, якія прыйшлі на сустрэчу з ім. Укладваючы альбом, мы намагаліся перадаць атмасферу тых сустрэчаў, атмасферу тых часоў. З гэтае прычыны, у альбом трапілі шматлікія размовы папы з моладдзю. Напрыклад, песня Barka, якая была надзвычай важная. Ян Павел ІІ казаў, што гэтая песня прывяла яго з Кракава да Ватыкана.
Сабраныя ў альбоме фрагменты паэзіі Караля Вайтылы запісваліся ў 1987-1998 гадах у тэатры Польскага радыё. Паэзія Караля Вайтылы неаднаразова выходзіла ў друку, але ад цяпер, уладальнікі альбома «Я быў з вамі» могуць паслухаць яе ў выключных архіўных інтэрпрэтацыях знакамітых польскіх актораў
Караль Вайтыла, будучы папа рымскі Ян Павел ІІ нарадзіўся 18 траўня 1920 года ў горадзе Вадавіцы. У бліжэйшы панядзелак Польшча адзначыць стагоддзе свайго папы.
Слухайце радыё!
PR/IAR/эж