Dziennik Gazeta Prawna друкуе размову з Лявонам Тарасэвічам, польскім мастаком з беларускімі каранямі, прафесарам выяўленчага мастацтва, выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Ён жыве на Падляшшы.
Робэрт Мазурэк на пачатку размовы сцвярджае, што Лявон хворы на колеры не толькі на палатне, але і ў штодзённым жыцці. У яго каля дому растуць 5 тысяч цюльпанаў, 10 тысяч касачоў, больш за 500 вяргіняў, сотні нарцысаў.
- Вырастаючы ў нейкай культурніцкай прасторы, зрастаешся з яе колерамі, якія становяцца часткай тваёй асобы. Я вельмі лёгка распазнаю, ці карціну намаляваў француз, немец, яўрэй, здалёка пазнаю карціну з Польшчы. Колер пакідае на карціне генетычны след, які мастак выкарыстоўвае. Колер ідзе за кожным з нас, – гаворыць Лявон Тарасэвіч.
І дадае, што па ім гэта таксама бачна. –Адразу вядома, што я з Нарві на ўсход, з Вялікага Княства Літоўскага, а не з Нарві на захад, хоць я вучыўся ў польскіх школах, у Варшаве, у Тадэвуша Дамініка.
Паводле Лявона Тарасэвіча, дзіўна, адкуль гэтыя колеры ў мастакоў, якія выраслі на яго зямлі. Марк Ротка, Малевіч, Шагал – іх колеры не сустрэнеш у людзей з іншых месцаў. Чаму, як гэта сталася? –У мяне гэтыя колеры таксама звычайна асноўныя. Калі я купляю фарбы, то таксама толькі асноўныя, а потым я мяшаю тое, што трэба для малявання, – кажа мастак.
Бела-чырвоныя колеры ў Польшчы, Даніі, таксама ў Беларусі – зазначае журналіст.
- Пра Беларусь цяжка гаварыць, паколькі колеры фальсіфікуе каланіяльная расійская палітыка. Хоць вышыванка на кашулі адразу скажа, ці гэта літоўская, беларуская, украінская ці расійская. У народным арнаменце ёсць сінтэз культуры народу, ад гэтага не ўцячы, – гаворыць у размове з газетай Лявон Тарасэвіч.
ав