Калі разглядаць лёс польскага музыканта Міхала Баёра (Michał Bajor), то можна сказаць, што яму было наканавана стаць або акторам, або музыкам. У выніку ён выконвае як адну, так і другую прафесію. Яго смела можна назваць спяваючым акторам або граючым на сцэне музыкантам.
Некалькі словаў біяграфіі. Нарадзіўся Міхал Баёр у 1957 годзе ў гарадку Глухалазы непадалёк ад Аполя. Яго бацька быў акторам у Лялечным тэатры ў Аполі, старэйшы брат Міхала Пётр таксама пайшоў па акторскім шляху. Так што будучы музыкант з самага дзяцінства быў звязаны са сцэнічным асяроддзем у Аполі, яго першай, яшчэ дзіцячай роляй была роля ваўка ў спектаклі «Чырвоны каптурок». А дэбют на вялікай сцэне адбыўся ў 1970 годзе на славутым Фестывалі польскай песні ў яго родным Аполі. Праз некалькі гадоў пасля гэтага ён перамог на Фестывалі савецкай песні ў Зялёнай Гуры, тады яго запрасілі на Міжнародны фестываль у Сопат.
Эстрадныя выступленні – гэта толькі частка жыцця Міхала Баёра. Другая, не менш, а можа нават больш важная частка яго кар’еры – гэта ўдзел у кінафільмах і тэатральных спектаклях. Баёр выступіў у дзясятках кінафільмаў і спектакляў. Бадай, адна з самых яркіх і вядомых яго роляў у кіно – гэта рымскі імператар Нерон у кінакарціне Quo vadis Ежы Кавалеровіча (Jerzy Kawalerowicz). Трэба сказаць, што Баёр у якасці актора быў адразу высока ацэнены стваральнікамі кіно, паколькі першы фільм, у якім ён сыграў, быў выдатнай польскай рэжысёркі Агнешкі Голянд, а граў Баёр разам з іншай выбітнай акторкай Бэатай Тышкевіч. Праўда, тады, у далёкім 1975 годзе, яна таксама была яшчэ маладой акторкай на пачатку прафесійнага шляху, таксама, як і аўтарка кінакарціны была на пачатку кар’еры рэжысёра, але цяпер гэтыя прозвішчы маюць вялікую вагу.
А вось першую кружэлку са сваімі песнямі музыкант выдаў пад канец 80-ых. У склад кампакт-дыску ўвайшлі між іншым песні бельгійскага аўтара Жака Брэля. А я прапаную вам, дарагія слухачы, песню ў выкананні Міхала Баёра, якая называецца «Што павінна прайсці, тое пройдзе» (Co ma przeminąć, to przeminie).
Co ma przeminąć to przeminie
A co ma zranić – do krwi zrani
Piotr rzekł:
Quo Vadis Domine? x3
Dokąd zmierzasz Panie?
Nie pytaj świata dokąd zmierza
Bo nie daj Boże prawdę powie...
Miast pytać, z paciorków pacierzy
Ułóż modlitwę za jej zdrowie...
O cel i sens nie pytaj świata
Choć wie co będzie i co było
Miast pytać, pomódl się za lato
I za pachnącą chlebem miłość
Nie pytaj świata o recepty
Które uleczą ludzkość całą
Miast pytać raczej poproś szeptem
By się ta jedna uśmiechała...
Quo Vadis Domine? x3
Dokąd zmierzasz Panie?
Што павінна прайсці, тое пройдзе. А што павінна параніць – тое да крыві параніць. Пётр сказаў: Quo Vadis Domine? Куды ты накіроўваешся, Гасподзь?
Не пытай свет, куды ён накіроўваецца, бо, не дай Божа, скажа праўду. Замест таго, каб пытаць, складзі з пацераў малітву за яе здароўе.
Пра мэту і сэнс не пытай свет, хоць ён ведае, што будзе і што было. Замест пытаць, памаліся за лета і за каханне з водарам хлеба.
Не пытай у свету рэцэпты, якія вылечаць цэлае чалавецтва. Замест пытаць, лепш папрасі шэптам, каб тая адзіная ўсміхалася.
Куды ты накіроўваешся, Гасподзь?
Тэкст гэтай песні напісаў Збігнеў Ксёнжэк (Zbigniew Książek), музыку – Пётр Рубік (Piotr Rubik). Дарэчы, творчасць Пятра Рубіка – гэта асобны вялікі раздзел, якому неабходна прысвяціць шмат часу. Я толькі скажу, што ён – спецыяліст па такіх песнях з рэлігійнай тэматыкай, а музыку піша з размахам – на цэлыя аркестры і хоры.
Co ma przeminąć, to przeminie – што павінна прайсці, тое пройдзе. Выраз przeminąć азначае тое ж самае, што і minąć і перакладаецца на беларускую мову словам прайсці. У чым адрозненне гэтых двух выразаў? У прынцыпе, семантычнага адрознення няма, але minąć – больш гутарковае слова, а przeminąć – больш літаратурнае, радзей ужываецца ў бытавой, гутарковай мове.
Quo Vadis Domine? Dokąd zmierzasz Panie? – паводле легенды, такое пытанне задаў падчас прымусовага сыходу з Рыму святы Пётр Ісусу Хрысту, які перад ім з’явіўся. „Quo vadis” – так называецца таксама раман пра падзенне Рымскай імперыі і пра першых хрысціянскіх пакутнікаў у Рыме аўтарства Генрыка Сянкевіча. Як можна перакласці дадзенае словазлучэнне? Куды ідзеш, куды накіроўваешся?
Miast pytać, z paciorków pacierzy ułóż modlitwę – замест таго, каб пытаць, з пацераў складзі малітву. Па-польску pacierz – гэта не адна малітва, а цэлы збор малітваў, якія ідуць адна за другой. А miast азначае тое ж самае, што і zamiast, але цяпер гэтае слова першае ўжо састарэлае і не ўжываецца.
нг