Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы

16.07.2020 16:39
Крыстына Пронька марыць аб тым, каб толькі даплысці да берагу.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Крыстына Пронька (Krystyna Prońko) належыць да ветэранаў полськай музычнай сцэны. Музыкантка нарадзілася ў 1947 годзе ў мясцовасці Гожаў Велькапольскі (Gorzów Wielkopolski). Яна выконвае галоўным чынам джаз, сама піша таксама музыку, з’яўляецца педагогам. А надоечы стала вядома, што пані Крыстына выдала новую кружэлку. Так што рана яшчэ запісваць ветэранку ў пенсіянеркі.

Сям’я Крыстыны Пронькі выводзіцца з Лэмкаўшчыны, перад вайной яна жыла на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, а пасля вайны пераехала жыць менавіта ў Гожаў Велькапольскі, і там нарадзілася будучая пяснярка. Але не адразу яна выбрала музычны шлях, спярша пайшла вучыцца ў хімічны тэхнікум, а пасля яго заканчэння працавала хімікам у адной з лабараторый. І тады, відаць, вырашыла, што больш яе цікавіць музыка, чым хімія, паступіла вучыцца на Факультэт джазу і забаўляльнай музыкі Музычнай акадэміі ў Катавіцах, дзе атрымала дыплом вышэйшай адукацыі разам з узнагародай рэктара ВНУ.

Крыстына Пронька за дзесяцігоддзі сваёй сцэнічнай працы выдала каля дваццаці кружэлак, у тым ліку сольных кампакт-дыскаў, але яна яшчэ не збіраецца заканчваць прыгоду з музыкай. Нядаўна выйшаў чарговы альбом выканаўцы пад назваю «Я люблю спецыяльныя нагоды» (Lubię specjalne okazje). Ці нагодай, а нават спецыяльнай нагодай для выдачы дыску з’яўляецца круглы юбілей – пяцідзесяцігоддзе сцэнічнай дзейнасці Крыстыны Пронькі? Менавіта на 2020 год прыходзіцца гэты юбілей. Сама Крыстына казала нядаўна ў эфіры Польскага радыё, што яна не звяртае вялікай увагі на такія юбілеі, але ёсць іншая нагода – 50-годдзе Міжнародных хадзецкіх джазавых майстар-класаў, і менавіта на гэты юбілей яна хацела звярнуць увагу сваёй кружэлкай.

А я прапаную вашай увазе кампазіцыю ў выкананні Крыстыны Пронькі, якая называецца «Каб толькі да берагу».

byle do brzegu...

płynie rozbitków pieśń

byle dać się falom nieść do brzegu

byle do brzegu...

stylem dowolnym wpław,

tylko traf pozwoli nam

doczekać końca szczęśliwego

byle do brzegu...

tyle jest w świecie wysp

płynie tam wśród smukłych palm

rzeka snu kokosowego

sternik wcześniej zwiał,

widać nosa miał,

i w szalupę jako pierwszy wskoczył

pewnie gdzieś tam schnie,

bardzo boi się

spojrzeć pasażerom prosto w oczy

byle do brzegu...

w końcu nie miałam nic,

więc w wypadku tym nie tracę wiele.

byle do brzegu...

 

Каб толькі да берагу. Плыве песня пацярпелых крушэнне на моры. Каб толькі дазволіць хвалям несці сябе да берага. Каб толькі да берагу. Адвольным стылем уплаў, толькі выпадак дазволіць нам дачакацца шчаслівага канца.

Каб толькі да берагу. Столькі на свеце астравоў, цячэ там сярод стройных пальмаў рака какосавага сну. Рулявы раней уцёк, відаць, у яго добрае чуццё, у выратавальную шлюпку першы скочыў. Дзесьці там цяпер сохне, вельмі баіцца зірнуць пасажырам у вочы.

Каб толькі даплысці да берагу. У канцы канцоў у мяне нічога не было, таму ў гэтым выпадку я нічога не страчваю. Каб толькі да берагу...

Byle do brzegu – так называецца дадзеная кампазіцыя. У гэтым назове ўтрымліваецца часціна, якая вельмі часта паяўляецца ў польскай мове, асабліва гутарковай. Гаворка ідзе пра словазлучэнне byle do... (каб толькі да...). Асабліва частка палякі кажуць: byle do wiosny, byle do piątku, byle do końca miesiąca. Гэта значыць, што будзе лепш, калі дачакаемся вясны, пятніцы (канец працоўнага тыдня) або канца месяца (разумеецца, тады атрымаем заработную плату, будуць грошы).

Stylem dowolnym wpław – адвольным стылем уплаў. Гаворка ідзе, канешне, пра розныя стылі плавання. Трэба сказаць, што палякі любяць прыдумваць уласныя назвы на замежныя выразы. Напрыклад, стыль батэрфляй на польскай мове называецца «styl motylkowy» (батэрфляй – з анг. мовы матылёк).

Tylko traf pozwoli nam – толькі шчаслівы выпадак, толькі лёс дазволіць нам (даплысці да берага). Traf – гэта выпадак, а ślepy traf – сляпы выпадак, які азначае, што чалавек не мае ўплыву на тое, што з ім адбываецца. Часцей за ўсё кажуць szczęśliwy traf (шчаслівы выпадак) або менавіта ślepy traf (сляпы выпадак).

Widać nosa miał – калі палякі кажуць, што хтосьці «ma nosa», яны маюць на ўвазе кагосьці, хто добра прадчувае развіццё падзей, у яго ёсць інтуіцыя, і таму ён можа прыняць адпаведныя, правільныя рашэнні ў адпаведным часе.

нг