Паважаныя радыёслухачы, зараз для вас прагучыць агляд апошняга нумару выдання беларусаў Падляшша пад назвай «Часопіс»
Галоўны рэдактар «Часопісу» Юрка Хмялеўскі ў артыкуле «Выбары ў цяні каранавіруса» паразважаў пра тое, у якіх акалічнасцях жыхары Польшчы абіралі галаву дзяржавы.
У чэрвені ўся Польшча жыла не так ужо пагрозай каранавіруса, колькі кампаніяў перад прэзідэнцкімі выбарамі. Да пандэміі грамадзяне паспелі неяк прывыкнуць, як і да нязменных, на жаль, дадзеных пра лік захварэўшых, які штодзень перадаецца міністэрствам аховы здароўя. Паколькі не пачаў ён узрастаць, улады вырашылі адмяніць жорсткія абмежаванні. Таму людзі крыху супакоіліся і сталі нават ігнараваць надалей законы, як абавязак уваходзіць у масках у крамы і іншыя будынкі, у якія заходзіць шмат людзей. Рэдка хто звяртае ўжо ўвагу на тое, каб захоўваць двухметровую дыстанцыю ад іншых асоб. Так пэўна будзе да восені, калі паводле спецыялістаў COVID-19 можа выклікаць другую хвалю пандэміі, піша Юрка Хмялеўскі.
У такой сітуацыі штораз большую ўвагу грамадства сталі прыцягваць прэзідэнцкія выбары. Меліся яны адбыцца 10 траўня, аднак жорсткія тады меры каранціну гэта надта ўскладнілі. Першы тур выбараў быў перанесены на 28 чэрвеня, а другі адбыўся 12 ліпеня.
Беларуская меншасць, як і іншыя ў Польшчы, гэта вядома невялічкая жменька выбарцаў. Таму кандыдаты ў прэзідэнты не звярталі ўвагі на праблемы нацыянальных меншасцяў. Анджэй Дуда ў чэрвені падчас свайго візіту на Падляшшы сярод іншага наведаў Супрасльскі манастыр, дзе пакланіўся ля магілы архіепіскапа Мірана, які загінуў у смаленскай авіякатастрофе. Насупраць манастыра штаб Дуды павесіў доўгі шэраг яго плакатаў. Адразу на тым жа плоце з’явіліся плакаты і Рафала Тшаскоўскага.
Тэма меншасці выплывала аднак у выбарчай кампаніі, але меншасцяў не нацыянальных, а сексуальных. Непрыхільныя да LGBT словы выказалі асобы з атачэння Анджэя Дуды, якія потым паўтарыў і сам прэзідэнт. Правадыром на гэтым фоне аказаўся дэпутат ПіС Пшэмыслаў Чарнэк, былы люблінскі ваявода. Той самы, якому праваслаўныя вернікі год таму ў лісце да Сабору Епіскапаў у Варшаве запатрабавалі адабраць прызнаны Царквою ордэн св. Марыі Магдаліны.
Непрыхільныя словы ў адрас асяроддзя LGBT напаткалі негатыўную рэакцыю палітыкаў і асабліва інтэлектуалаў, таксама вядомых людзей культуры ў Польшчы і ў свеце. Безумоўна, паўплывала гэта на паніжэнне рэйтынгу Анджэя Дуды, аднак гэта не стала рашаючым фактарам і дзейсны прэзідэнт перамог.
Тэма Беларусі ў выбарчай кампаніі не падымалася, хаця сітуацыя ў суседняй краіне павінна быць важнай для польскай замежнай палітыкі, у тым ліку для прэзідэнта краіны, – завершыў свой артыкул галоўны рэдактар «Часопісу» Юрка Хмялеўскі.
Музыка
Эпідэмія каранавіруса не абышла бокам і аўтараў падлшяшскага «Часопісу». Так Ксенія Тарасевіч пасля прыбыцця з Беларусі ў Польшчу была змешчана на каранцін. Ксенія прысвяціла гэтаму дзіўнаму жыццёваму досведу артыкул «Мой двухтыднёвы каранцін».
Польшча 15 сакавіка закрыла свае межы, у тым ліку і з Еўрапейскім саюзам. Аднак не для ўсіх: патрапіць у краіну могуць грамадзяне і іх чальцы сям’і, людзі, з відам на жыхарства ў Польшчы, працуючы ў Польшчы, уладальнікі карт паляка і дыпламаты. Праўда з адным «але» – кожны мусіць адбыць 14-дзённы каранцін.
На наступны дзень ад перасячэння мяжы, на тэлефон прыйшло СМС-паведамленне з просьбай усталяваць адмысловую праграму Kwarantanna Domowa. Яна па GPS-навігацыі адсочвае тваё месцазнаходжанне, і двойчы на дзень просіць зрабіць сэлфі, на якім будзе добра бачны твар.
Апроч прыкладання ўсіх «каранціншчыкаў» правярае паліцыя. Раз на дзень яны тэлефануюць і просяць памахаць рукою з вакна. Апроч гэтага пытаюць аб самаадчуванні, ці мае асоба сімптомы COVID-19 і прапаноўваюць дапамогу з прадуктамі. Вельмі вялікі кантраст з беларускімі міліцыянтамі, ад якіх пачуць простае вітанне ўжо дзіўна.
Умовы суровыя: нельга выходзіць па-за межы кватэры, калі каранцін адбываецца ў прыватным доме, то нельга нават гуляць ва двары. Усе людзі, якія жывуць з табой на адной тэрыторыі таксама падпадаюць пад каранцін.
Апроч паліцыі і мабільнага прыкладання са мной звязвалася «сацыяльная служба» – яны цікавіліся маім псіхічным станам і прапаноўвалі бясплатныя тэрапеўтычныя сесіі, – піша піша Ксенія Тарасевіч
На каранціне варта цалкам заняць свой час і прытрымлівацца пэўнага графіку. Лепей за ўсё з гэтым дапамагае праца.
Ва ўмовах, калі нельга выйсці з хаты, спорт і фізічныя нагрузкі – сапраўднае ўратаванне для застыўшы цягліцаў.
Смачная ежа – яшчэ адно ўратаванне. Прышлося расчахліць рэцэпты і гатаваць розныя прысмакі. Дарэчы, пасля заканчэння каранціну ахвота на гатоўку знікла.
У такія часы часта адчуваеш сябе самотным. Таму варта намагацца падтрымліваць сувязі з сябрамі. Размовы праз месенджэры і тэлефон, рэгулярнае ліставанне, – чалавек надзвычай сацыяльнай істота. Таму трэба заставацца ў кантакце са сваімі блізкімі, – раіць Ксенія.
Прабыць 2 тыдні не выходзячы з хаты складана, але не смяротна. Галоўнае, – мець кагосьці, з кім можна было размаўляць і падтрымліваць сувязь.
Быць занятым, але не забывацца на адпачынак. Не перапрацоўвайце больш за паложанае – ваш арганізм і так у стрэсе і працуе на апошніх рэсурсах. Будзьце ўважлівымі да сябе. Клапаціцеся аб здароўі. Не перажывайце, калі не прачытаеце ўсе кнігі, не перагледзіце ўсе фільмы і серыялы. Шчасце не ў гэтым.
Калі ёсць магчымасць, праводзьце каранцін у вялікай прасторы. Няма нічога горш, чым прасядзець 14 дзён у адных і тых жа чатырох сценах.
Ну і галоўнае – не вешайце нос! Мне вельмі дапамагло перажыць каранцін успрыманне яго як забаўнай прыгоды. Не заўсёды прыемна, але дакладна будзе што распавесці ўнукам. «Не паверыш, у 2020 я ратавала свет тым, што ляжала на канапе», пра свой вопыт знаходжання на прымусовым каранціне ў Польшчы пісала аўтарка падляшскага «Часопісу» Ксенія Тарасевіч.
Слухайце аўдыё!
Czasopis/эж