Сёння не толькі ў Польшчы, але таксама ў розных кутках свету праходзіць IX Нацыянальнае чытанне. Гэта штогадовая акцыя, арганізаваная прэзідэнтам Польшчы. Сёлета чытаем, «Баладыну» - драму славутага польскага паэта эпохі Рамантызму Юльюша Славацкага.
Апоўдні ў суботу ў варшаўскім Саскім садзе прэзідэнцкая пара ўрачыста адкрыла акцыю «Нацыянальнае чытанне 2020», прачытаўшы фрагмент «Баладыны» Юльюша Славацкага.
Ва ўрачыстай пастаноўцы драмы ў Саскім садзе прынялі ўдзел усяго 60 акцёраў, у тым ліку Эва Далкоўска, Галіна Лабанарская, Тэрэза Ліпоўска, Анджэй Масталеж, Рафал Завяруха, Кшыштаф Квяткоўскі.
Гэтым велізарным мерапрыемствам кіраваў рэжысёр Тэатра Польскага радыё Януш Кукула:
- Гэта драма шэкспіраўскага маштабу. Гэта сур’ёзны выклік, паколькі кожная пастаноўка «Баладыны» ў Польшчы мела вялікае значэнне для гісторыі польскага тэатра. Зразумела, у нас такіх амбіцый няма, але аднаго хочам дасягнуць – задаволіць усіх прыхільнікаў творчасці Юльюша Славацкага і польскай літараруты.
Спектакль падзелены на пяць актаў, у якіх выступілі пяць розных мастацкіх калектываў, кажа Януш Кукула:
- «Баладына» складаецца з пяці актаў. Таму ўзнікла ідэя пры рэалізацыі кожнай часткі задзейнічаць іншы калектыў акцёраў. Такім чынам, атрымалася па пяць Баладынаў, Гапланаў, Кіркораў і г.д. Дзякуючы гэтаму, пастаноўка выглядае як конкурс розных акторскіх інтэрпрэтацый гэтага незвычайнага твора.
За гукавое афармленне спектаклю адказваў Анджэй Бжоска, за музыку Пётр Баран, а за сцэнаграфію Ганна Мёдушэўска.
На жаль, сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, на ўрачыстасць у Саскім садзе неабходна было раней зарэгістравацца на сайце Нацыянальнага культурнага цэнтра. Спектакль можна было таксама паслухаць у эфіры Першай праграмы грамадскага Польскага радыё, Польскага радыё 24, а таксама на партале narodoweczytanie2020.polskieradio.pl і ў сацыяльных сетках.
«Я веру, што ў гэты асаблівы для ўсіх час, калі мы разам пераадольваем эпідэмію, супольнае чытанне класікаў польскай літаратуры яшчэ больш нас аб'яднае, прыносячы мноства задавальнення і пераканання аб важнасці твораў нашых найвялікшых пісьменнікаў», - напісаў у сваёй заяве Анджэй Дуда.
Прэзідэнт падкрэсліў, што вельмі важна, каб сёлетняе Нацыянальнае чытанне праводзілася ў максімальна бяспечнай форме з захаваннем усіх мер засцярогі.
«Я заклікаю вас арганізаваць чытанне «Баладыны» паводле ўласных ідэяў з выкарыстаннем як традыцыйных, так і сучасных інструментаў камунікцыі», - дадаў кіраўнік польскай дзяржавы.
Да супольнага чытання заахвочваў таксама дырэктар Нацыянальнага культурнага цэнтра Рафал Вісьнеўскі:
- Часам людзі гавораць, што адна ініцыятыва нічога не памяняе. Тым часам аказваецца, што аматараў літаратуры настолькі шмат. Давайце пакажам, колькі людзей любіць класічную літаратуру.
Сёлета Нацыянальнае чытанне адбываецца ўжо дзявяты раз. Цягам гэтага часу акцыя стала папулярнай не толькі ў краіне, але таксама за мяжой. У рознай форме яе арганізоўваюць польскія амбасады, Польскія iнстытуты і польскія арганізацыі па ўсім свеце.
Традыцыйна на два дні раней, чым у Польшчы, Нацыянальнае чытанне адбылося ў Літве. Удзельнікі акцыі, сабраныя ў Віленскім клубе літоўскіх пісьменнікаў, прачыталі выбраныя фрагменты двух твораў на польскай і літоўскай мовах.
- Сёлета мы чытаем не толькі «Баладыну» Юльюша Славацкага, але таксама «У цені гіганта» Баліса Сруогі. Шчыра кажучы, я гэтага твору не ведаў. Таму такое мерапрыемства прычыняецца да прасоўвання таксама менш вядомых твораў.
Удзельнікі чытання ў Вільні згодна падкрэслівалі значэнне двухмоўнай ініцыятывы, якая, паводле іх, з’яўляецца нагодай для стварэння платформы дыялогу.
Традыцыйна ў Нацыянальным чытанні ўдзельнічае таксама Беларусь. У Польскім інстытуце ў Мінску «Баладыну» чытаюць на польскай мове і ў перакладзе на беларускую мову аўтарства Лявона Баршчэўскага. Інстытут таксама запрашае паглядзець фільм, створаны паводле драмы Славацкага, у якім тэатральныя фрагменты пераплятаюцца з чытаннем.
Прадстаўнікі ўстановы заахвочваюць усіх запісваць фрагменты „Баладыны” і публікаваць на сваіх профілях у сацыяльных сетках з гештэгам #BalladynaBY.
Нацыянальнае чытанне арганізоўвае таксама Польскі інстытут і амбасада ў Пекіне, дзе фрагменты «Баладыны» чытаюць кітайска-польскія філолагі ў сваіх дамах, офісах, а нават падчас каранціну.
«Баладына» Юльюша Славацкага - гэта выдатны твор польскага рамантызму. Драма была напісаная ў снежні 1834 года і выдадзеная праз пяць гадоў у Парыжы. Твор узнік у выгнанні, як вынік дыскусіяў аб прычынах нядаўняй паразы нацыянальнага паўстання і абмяркоўвання агульнай гісторыі і будучыні польскага народа.
Славацкі планаваў напісаць вялікую паэму ў стылі Арыёста, якая павінна складацца з шасці трагедый ці драматычных хронік. Паэма мела быць своеасаблівай літаратурнай хронікай, якая прэзентуе казачныя першапачаткі польскай дзяржавы, вяртаецца да звычаяў, легенд і гісторыі славянаў паганскіх часоў. Аднак задума паэта дачакалася толькі частковай рэалізацыі, то бок свет убачылі толькі дзве рамантычныя трагедыі — «Баладына» (1839) і «Ліля Венеда» (1840).
Гісторыя дзвюх сясцёр, Баладыны і Аліны, пастаўленая на казачным фоне, хутка стала вельмі папулярнай. Твор Славацкага аказаў вялікі ўплыў на музыку, жывапіс і скульптуру, і яго шматлікія пастаноўкі, рэалізаваныя на працягу многіх гадоў выдатнымі рэжысёрамі і акцёрамі польскіх сцэн, заўсёды карысталіся вялікім зацікаўленнем.
Штогадовая акцыя Нацыянальнае чытанне арганізоўваецца прэзідэнтам Польшчы з 2012 года. Яна пачалася чытаннем «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У 2013 годзе ўдзельнікі акцыі чыталі творы Аляксандра Фрэдры, а ў наступных гадах: «Трылогію» Генрыка Сянкевіча, «Ляльку» Баляслава Пруса, «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча, «Вяселле» Станіслава Выспяньскага, «Прадвесне» Стэфана Жэромскага.
Летась падчас Нацыянальнага чытання палякі чыталі «Польскія навелы» - збор з 8 твораў Элізы Ажэшкі, Марыі Канапніцкай, Баляслава Пруса, Бруна Шульца, Уладзіслава Рэйманта, Стэфана Жэромскага, Генрыка Сянкевіча і Генрыка Жэвускага. Раманы былі выбраны прэзідэнцкай парай з больш чым ста прапаноў, накіраваных у Канцылярыю прэзідэнта.
Сёлетняе Нацыянальнае чытанне суправаджае выстава «Баладына» ў тэатры» ў Кардэгардзе. Да 13 верасня ў галерэі Нацыянальнага культурнага цэнтра можна будзе паглядзець плакаты, праграмы, архіўныя фотаздымкі, рэквізіт, касцюмы і сцэнаграфічныя малюнкі для асобных тэатральных пастановак драмы.
********
Юльюш Славацкі (1809-1849) - паэт, прадстаўнік рамантызму, драматург і эпісталограф. Побач з Адамам Міцкевічам і Зыгмунтам Красінскім ён лічыцца адным з найвялікшых прадстаўнікоў польскага рамантызму. Яго творчасць аказала велізарны ўплыў на пазнейшых паэтаў Маладой Польшчы і міжваеннага перыяду, у тым ліку на Антонія Ланге, Кшыштафа Каміля Бачыньскага і Яна Леханя.
аз