Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Патрыцыя Касяркевіч пытаецца, ці камусьці яшчэ сорамна

23.01.2025 20:20
Патрыцыя мяркуе, што яе праца мае місійны характар, паколькі тэксты песень могуць мець уплыў на таго, хто іх слухае.
Patrycja Kosiarkiewicz.
Patrycja Kosiarkiewicz.Фота: Polskie Radio

Патрыцыя Касяркевіч па-майстэрску валодае словам, не толькі ў плане гучання гэтага слова, але і яго напісання, паколькі яна сама піша тэксты сваіх песень. Пры гэтым, у пясняркі выдатная лінгвістычная падрыхтоўка.

Нарадзілася Патрыцыя ў ліпені 1972 года ў Зялёнай Гуры. Яна – спявачка, кампазітарка і аўтарка тэкстаў песень. Выпускніца англійскай філалогіі, якую вывучала ва ўніверсітэце ў сваім родным горадзе, а таксама факультэта журналістыкі ў Collegium Civitas у Варшаве. У пачатку 90-ых гадоў была лідаркай групы O! La! La!, з якой запісала альбом пад назвай "Euforia". У 1997 годзе пачала сольную кар’еру, выпусціўшы альбом "Bajeczki". Гэты альбом быў прададзены накладам 35 тысяч асобнікаў. У наступныя гады яна выдала альбомы "Kim więc jestem" (1999) і "Ogród niespodzianek" (2000). Пасля сольных поспехаў занялася напісаннем музыкі і тэкстаў для іншых выканаўцаў – між іншым, групы Łzy, Стахурскага ці Кшыштафа Кільяньскага.

Нягледзячы на сцэнічныя поспехі, Патрыцыя вырашыла зрабіць перапынак у творчай дзейнасці. Яна сама казала ў інтэрв'ю, што ў сферы шоу-бізнесу вельмі цяжка прабіцца, нават маючы вялікі талент і добрыя песні. Канкурэнцыя проста забойчая. Пасля перапынку ў 2018–2019 гадах яна была лідаркай і вакалісткай рок-групы Halo.

Патрыцыя Касяркевіч таксама актыўна займаецца адукацыйнай дзейнасцю. Яна стварыла анлайн-курс для аўтараў тэкстаў пад назвай "Pisz Lepiej" (Пішы лепш), у якім дзеліцца сваім досведам у галіне напісання тэкстаў песень. Патрыцыя мяркуе, што яе праца мае місійны характар, паколькі тэксты песень могуць мець уплыў на таго, хто іх слухае.

Я папаную вам песню, у якой Патрыцыя гуляе словам, але і закранае важныя грамадскія пытанні. Называецца кампазіцыя "Czy komuś jeszcze wstyd" (Ці камусьці яшчэ сорамна).

Są źródła co nie wyschną

Są czary co nie prysną
Mówiłam kiedyś tak
i taki był mój świat
Czy to znasz?

Myślałam że coś zmienię

Bo dobro zawsze w cenie
a potem mijał czas
optymizm jakby gasł
Próbowałam jeszcze raz!

Wstyd, wstyd wstyd

Czy komuś jeszcze wstyd?


Za chwilę nikt, nikt, nikt
nie weźmie tego poważnie zbyt!

Są bujdy pierwszorzędne

Co z wierzchu tak namiętne
Że choć pod spodem nic
fenomenalny pic
Uwiodą Cię

Więc lepiej nie rozumieć

Jak Fantom zniknąć w tłumie
Walutą słabą jest
Twój honor, prawda, cześć
Posłuchaj mnie
posłuchaj

I jeszcze żal najszczerszy żal,

żal nie powstrzymasz już tych fal
Te oceany zmiotą Cię
nim zmienisz się

Ёсць крыніцы, якія не высахнуць, ёсць чары, якія не знікнуць. Казала некалі я так, і такі быў мой свет. Ці гэта знаёма табе? Я думала, штосьці змяню, бо дабро заўсёды ў цане. А потым час ішоў, аптымізм, быццам, знік. Спрабавала зноў і зноў!

Сорам, сорам... Ці камусьці яшчэ сорамна? Праз хвіліну ніхто, ніхто, ніхто не будзе гэта ўспрымаць сур’ёзна! Ёсць байкі першакласныя, што звонку такія страсныя, што, хоць унутры нічога, фенаменальная мана цябе зачаруе.

Дык лепш гэтага не разумець. Як Фантом, знікнуць у натоўпе. Слабая валюта – твая годнасць, праўда, гонар. Паслухай мяне... І яшчэ расчараванне, шчыры боль, які не спыніць ужо гэтай хвалі. Гэтыя акіяны змятуць цябе, перад тым, як ты паспееш зменіцца.

Цікавая мелодыя, але яшчэ больш цікавы змест песні. Гэта на самой справе філасофскія разважанні над сучасным светам, яго мараллю і каштоўнасцямі. Аўтарка шкадуе з нагоды страты сораму і гонару ў сучасным свеце, дзе трэнды вызначаюць сацыяльныя сеткі.

Są źródła co nie wyschną. Są czary co nie prysną – ёсць крыніцы, якія не высахнуць, ёсць чары, якія не знікнуць – палякі даволі часта карыстаюцца прыказкай “czary prysły”, хаця часцей гаворыцца ў адзіночным ліку – czar prysł. Гэта азначае, што закончыліся нейкія ілюзіі.

Dobro zawsze w cenie - дабро заўсёды ў цане. Ідэалісты часта так лічаць, але рэальнасць аказваецца значна больш сумнай. Дабро заўсёды перамагае толькі ў казках.

Wstyd, wstyd wstyd. Czy komuś jeszcze wstyd? – сорам, ганьба. Ці камусьці яшчэ сорамна? На польскай мове таксама ёсць слова ганьба, дарэчы, яно пішацца праз літару h – hańba, гэта сведчыць аб яго замежным паходжанні. Што цікава, выраз паходзіць з чэшскай мовы, а не ўсходнеславянскай, як беларуская ці ўкраінская. Цяпер гэты выраз усё радзей ужываецца ў польскай мове, часцей яго замяняе слова wstyd (сорам).

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы