26 сакавіка – спектакль «Moj Hleb». Купалаўцы выйдуць на сцэну разам з Зояй Белахвосцік. Вечар мае быць урачыстым, але па-сямейнаму цёплым і надзвычай Купалаўскім.
Монаспектакль Зоі Белахвосцік «Moj Hleb» стане адкрыццём ва ўсіх сэнсах. Гэта вольная прастора для думак і пачуццяў. Гэта спалучэнне прыцягальнай акторскай энергетыкі і шчырай, праўдзівай споведзі.
27 і 28 сакавіка будзе паказаны спектакль «Гусі-людзі-лебедзі». Гэта нашумелая пастаноўка паводле раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы».
Жыхары вёскі Белыя росы №13 бадзёра запрашаюць вас у свой перакулены дагары нагамі свет, у далёкі і злавесны 2049 год…
29 сакавіка ў рамках Тыдня Тэатра гледачоў запрашаюць на спектакль «Экстрэмісты». П’еса Юліі Цімафеевай грунтуецца на сапраўднай гісторыі маладой беларускай сям’і, музыкаў у няволі, якую вам раскажуць акторы-купалаўцы.
І фінальная кропка - 30 сакавіка – спектакль «Зэкамерон» у Варшаве. Нясумна пра сумнае раскажуць і нават спяюць тры цудоўных і прыязных артыста: Сяргей Чуб, Алег Гарбуз і Уладзімір Пугач. Пра зняволенне і страты, але праз іронію і гумар уласцівыя Максіму Знаку.
Спектакль «Зэкамерон» — гэта гісторыя пра парадаксальную здольнасць чалавека заставацца вольным ва ўмовах няволі, знаходзіць нагоды для ўсмешкі і дзяліцца святлом з іншымі.