Беларуская Служба

«Дзеці з вакзалу Брэст» - гэта больш, чым чачэнскія ўцекачы

02.12.2019 20:14
У Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі пра ўцекачоў з Чачні, якія месяцамі качавалі на брэсцкім вакзале.
Аўдыё

У Варшаве, у Новым тэатры, адбылася прэзентацыя кнігі «Дзеці з вакзалу Брэст». Гэта гісторыя чачэнскім мам і іх дзяцей, якія доўгія месяцы качавалі на брэсцкім вакзале, робячы дзясяткі спробаў трапіць у Польшчу, каб атрымаць статус уцекачоў.

«Дзеці з вакзалу Брэст» – гэта не толькі назва кнігі. Настаўніца і валанцёрка, беларуска, якая 25 гадоў жыве ў Польшчы, Марына Гуля так называе супольнасць чачэнскіх жанчын і іх дзяцей, якім пасля шматлікіх спробаў удалося трапіць у Польшчу.

Марына Гуля Марына Гуля

Марына Гуля трапіла на вакзал у Брэсце тры гады таму. Там яна пабачыла дзяцей, у якіх забралі дзяцінства, і стварыла для іх дэмакратычную школу:

- Я прыехала ў Брэст, на гэты мармуровы вакзал, сацрэалізм, а на лаўках я пабачыла спячых дзяцей. Яны былі накрытыя кілімамі для малітвы, ручнікамі, нехта курткамі. Пабачыла мацярэй і нешматлікіх бацькаў. Гэта было вельмі цяжка. Я 16 гадоў дапамагаю чачэнцам і я ведаю гэтую культуру. Гэта не тыя людзі, якія качуюць на вакзалах. Гэта вельмі сямейны народ, для якога дом вельмі важны. І раптам я пабачыла бяздомных людзей, вакзальных, і дзяцей... Я крыху ведаю чачэнскую мову, таму я адразу звярнулася да іх па-чачэнску і запрапанавала жанчынам стварыць дэмакратычную школу на вакзале.

Марына прыходзіла на вакзал кожны дзень, каб вучыць дзяцей, каб, як кажа яна сама, вярнуць ім частку скрадзенага дзяцінства. І пра гэта яна піша ў сваёй кнізе. Жанчына апісвае лёсы тых, каму ўдалося ўсё ж трапіць у Польшчу. Марына Гуля аб’яднала чачэнскіх жанчын, яна ім дапамагае і падштурхоўвае да дзейнасці.


Чачэнскія жанчыны. Мадзіна - злева. Чачэнскія жанчыны. Мадзіна - злева.

Чачэнскія жанчыны і іх дзеці называюць Марыну Гулю сваёй мамай. Яны робяць уражанне вялікай і дружнай сям’і. Кожная з жанчын уцякла ад пераследу і гвалту ў сябе дома, прайшла праз вакзал у Брэсце і апынулася ў Польшчы. Мадзіна на вакзале ў Брэсце правяла чатыры месяцы.

- Усе, хто прыязджае ў Брэст, маюць праблему. Нам казалі, праехаць мяжу можна. Мы прыехалі. Паспрабавалі раз, другі, трэці. Безвынікова. Тры месяцы нічога не ўдалося. Я вырашыла паспрабаваць жыць у Брэсце, але не ўдалося. У нас пачаліся праблему, у тым ліку з паліцыяй. На 16-ы раз нам удалося, дзякуючы Марыне. Яны прыклала вялікія намаганні, каб нам удалося перасекчы мяжу. Цяпер я жыву ў Брвінове, пад Варшавай. Я ажыла. У мяне ўсё нармальна. Яшчэ ў Брэсце я сказала Марыне: Калі я буду жыць у Брэсце, то буду валанцёрыць, калі траплю ў Польшчу, то таксама. Я ўжо тры гады жыву ў Польшчы і сапраўды з’яўляюся валанцёрам.

Літаральна на днях Мадзіна стала лаўрэаткай узнагароды «Незаўважаныя», якую прызнаюць за валанцёрскую дзейнасць індывідуальных людзей на карысць дзяцей у патрэбе. Мамы і дзеці з вакзала Брэст не толькі прымаюць дапамогу ад іншых, але і самыя дапамагаюць. Яны наведваюць сталых людзей у дамах старасці, разам з бяздомнымі робяць кармушкі і домікі для птушак, валанцёрыць у хоспісах, выгульваюць сабак у прытулках.


Моніка Глуска Моніка Глуска

Аповеды Марыны Гулі ў кнізе пераплятаюцца з інтэрв'ю, якія з рознымі людзьмі правяла журналістка Моніка Глуска-Дурэнкамп. Гэтыя размовы ствараюць фон для гісторыі чачэнскіх мам і дзяцей, дзякуючы чаму можна лепш зразумець іх гісторыю.

Моніка Глуска кажа, што дзякуючы знаёмству з Марынай і чачэнскімі ўцекачамі яна навучылася, як дапамагаць разумна:

- Калі казаць пра Чачню, то ўцекачамі адтуль у першую чаргу з’яўляюцца мамы. Яны ўцякаюць не толькі ад падзей у краіне, але звычайна ад мужчынскага насілля ў сям’і. Твар уцекача – гэта не твар барадатага небяспечнага мужчыны. Гэта стомленая маці, часамі з шасцю, сямю, дзевяццю дзецьмі. Польшча стала іх домам. Яны тут добра пачуваюцца, падтрымліваюць адну адну. Яны хочуць вучыць польскую мову, якая, дзякуючы веданню рускай мовы, з’яўляецца для іх лягчэйшай. Гэта не тое ж самае, калі б яны паехалі ў Германію ці Францыю. Яны інтэгруюцца, патрэбны толькі дазвол на прыбыванне, а вядома, што не ўсе яго маюць.


Марэк Міхаляк Марэк Міхаляк

Госцем прэзентацыі быў былы амбудсмэн правоў дзяцей Марэк Міхаляк. Чачэнскія мамы з дзецьмі не раз наведвалі ў яго бюро. Калі Марына Гуля прыйшла да яго ўпершыню і расказала пра дзяцей, якія безвынікова грукаюць у польскія дзверы, ён паставіўся да гэтага з недаверам:

- Дзе ў 21-м стагоддзі, краіна, якая з’яўляецца аўтарам Канвенцыі аб правах дзяцей, была б у стане не заўважыць такога цярпення? Калі працаўнікі майго бюро паехалі ў Брэст, то аказалася, што гэта праўда. Мы закрываемся на патрэбы іншага чалавека. Я памятаю сітуацыю, калі я наведваў дзяцей у цэнтры для ўцекачоў у Афінах, мы заўважылі хлопчыка з пісталетам. Я нават падумаў, што пэўна расце тэрарыст. Мы запыталіся ў яго, чаму ён, паходзячы з краіны, дзе ідзе вайна, бегаеш з пісталетам. А ён гледзячы нам у вочы адказаў: Бо ў мяне няма мядзведзіка. І гэта пасыл: дзецям патрэбны мядзведзік. Ім патрэбнае цяпло. Гэта робіць Марына з Дзецьмі з вакзала Брэст і гэта павінны рабіць мы ўсе.


Марты Рыбіцка Марты Рыбіцка

Марына Гуля сабрала вакол сябе супольнасць не толькі чачэнак, але і палякаў, якія бескарысна дапамагаюць Дзецям з вакзалу Брэст. Адной з такіх асоб з’яўляецца фатограф Марта Рыбіцка. Яна два гады суправаджае ўцекачоў з фотаапаратам. На яе здымках вельмі добра адлюстравана любой чачэнскіх мам да сваіх дзяцей. Нават у самыя цяжкія хвіліны яны знаходзяць час, каб прытуліць сваіх дзяцей.

Марта Рыбіцка кажа, што ініцыятыва Марыны Гулі «Дзеці з вакзалу Брэст» – вельмі эфектыўная:

- У ёй няма ніякага канкрэтнага плану, усё адбываецца спантанна. Але ў выніку да гэтых людзей трапляюць дакладна тыя рэчы, якія ім найбольш патрэбныя. І гэта наўпроставая дапамога. А самае важнае тое, што Марына робіць так, каб гэтыя жанчыны і дзеці не прызвычаіліся да сталых падарункаў. Яна арганізоўвае розныя падзеі, дзе чачэнскія ўцекачы дзеляцца і паказваюць тое, што маюць, каб таксама дапамагаць іншым.
Частка сродкаў ад продажу кнігі прызначана на патрэбы чачэнскіх семʼяў.

За дзейнасцю «Дзяцей з вакзалу Брэст» можна назіраць на іх профілі ў Фэйсбуку – Dzieci z Dworca Brześć.


ав