На адной з першых старонак нумару месціцца артыкул прымеркаваны бельскаму калектыву «Васілёчкі», які адсвяткаваў сваё 55-годдзе.
23 лістапада юбілей адзначыў славуты беларускі хор «Васілёчкі» з Белська-Падляшскага. З увагі на тое, што будуецца новы будынак Бельскага дому культуры, урачыстасці адбыліся ў пачатковай школе з дадатковым навучаннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча. На свяце сярод іншых прысутнічалі падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі, дэпутат Сейма Яўген Чыквін, намеснік-маршалак Падляшскага ваяводства Марэк Маліноўскі, бургамістр Бельску Яраслаў Бароўскі і войт Бельскай гміны Раіса Раецкая. Апроч юбіляра на эстрадзе выступалі кобрынскі калектыў «Вечарына» і «Арляне» з Орлі.
Падляшскія «Васілёчкі» з’явіліся ў 1964 годзе, пад такой назвай яны выступаюць з 1973 года. Назва паходзіць ад песні «Расцвіталі ў полі васілёчкі» беларускага кампазітара Міколы Куліковіча, які тады жыў у ЗША. Песню тую знайшоў Сяргей Лукашук, шматгадовы мастацкі кіраўнік хору. Цяперака кіраўніком «Васілёчкаў» з’яўляецца Мікалай Фадзін, які адмыслова прыязджае з Гродна.
Зараз хор «Васілёчкі» налічвае каля трыццаці чалавек. За сваю 55-гадовую гісторыю «Васілёчкі» далі 1200 канцэртаў у Польшчы і па-за яе межамі.
У рубрыцы Inmemorium аўтары выдання развітваюцца з прафесарам электронікі Вітаўтам Юрыем Стэповічам.
28 кастрычніка ва ўзросце 80 гадоў памёр Вітаўт Юры Стэповіч – адзін з заснавальнікаў гданьскага Беларускага культурнага таварыства «Хатка». Таварыства паўстала ў 1992 годзе. Вітаўт Юры Стэповіч у далёкім 1992 годзе прыйшоў на ўстаноўчы сход таварыства і застаўся з імі да самага канца.
Вітаўт Юры Стэповіч быў адданым і паслядоўным рупліўцам беларускіх спраў у Гданьску. Аўтар артыкулу Лена Глагоўская дзякуе Вітаўту Юрыю Стэповічу за амаль 30-гадовую працу ў таварыстве – «Вечная яму памяць, а душы яго неба».
У рубрыцы «Успамін» Янка Целушэцкі прыгадвае як было ў вёсцы Новае Ляўкова.
Новае Ляўкова – даволі вялікая вёска, некалькі дзясяткаў гадоў таму яна налічвала 300 жыхароў. Ляжыць яна над рачулкай Баброўкай і над Нараўкай (Баброўка – гэта прыток Нараўкі, які перасякае сяло). Адразу за Нараўкай пачынаецца Белавежская пушча, а абедзве рачулкі скрыжоўваюцца ў канцы Новага Ляўкова.
У 1960-ыя гады ўсе дамы і сельскагаспадарчыя будынкі былі драўляныя. Стадолы і хлявы пераважна мелі саламяныя стрэхі. Дамы крылі чырвонай або шэрай чарапіцай. Хаты былі з двухскатнымі дахамі з акенцам у шчыце. Шчытамі дамы стаялі пераважна да вуліц. Варта адзначыць, што ў Новым Ляўкове ёсць тры скрыжаванні дарог. Зараз на адным з тых крыжуюцца ваяводская і павятовая дарогі.
Жыхары Ляўкова займаліся земляробствам, дровы нарыхтоўвалі ў навакольных лясах. Галоўная вуліца ў вёсцы была на невялікім адрэзку брукаваная, а рэшта дарог пясчаныя. На Нараўцы і Баброўцы да 1960 года былі драўляныя масты.
У 1966 годзе быў арганізаваны сельскагаспадарчы гурток. Кааператары купілі спачатку малацілку і рухавік на мазуту. Раней людзі малацілі цэпам ды коннымі малацілкамі. Аднак да шырокамалоткі надаваўся толькі рухавік, а веялі збожжа ручной веялкай.
Падзеяй ва ўсім наваколлі было адкрыццё клубу кніжкі і прэсы фірмы «Рух». Установу адкрылі ў суседняй вёсцы Сатрое Ляўкова. Юнакі і дзяўчаты арганізавалі гурток Саюзу вясковай моладзі і драматычны гурток. Маладзёны ставілі беларускія п’есы. Тады ў пачатковай школе ў Старым Ляўкове вучылася 150 дзяцей. Пра колішняя жыццё падляшскай вёскі Новае Ляўкова пісаў Янка Целушэцкі.
Слухацйе аўдыё!
Czasopis/эж