Беларуская Служба

51 год таму альбом «Dziwny jest ten świat» Немэна атрымаў статус «Залатой пласцінкі»

21.12.2019 12:07
У гэтым факце не было б нічога дзіўнага, калі не тое, што гэта была першая «Залатая кружэлка» ў Польшчы.
Аўдыё
  • 51 год таму, 20 снежня 1968 года, альбом «Dziwny jest ten świat» Часлава Немэна і гурту Akwarele («Акварэлі») атрымаў статус «Залатой пласцінкі»
Czesław Niemen podczas koncertu w Opolu, rok 1975.
Czesław Niemen podczas koncertu w Opolu, rok 1975.Ze zbiorów Narodowego Archiwum Cyfrowego

51 год таму, 20 снежня 1968 года, альбом «Dziwny jest ten świat» Часлава Немэна і гурту Akwarele («Акварэлі») атрымаў статус «Залатой пласцінкі». У гэтым факце не было б нічога дзіўнага, калі не тое, што гэта была першая «Залатая кружэлка» ў Польшчы.

Альбом быў названы гэтак, як і галоўная песня на ім – «Dziwny jest ten świat» («Дзіўны гэты свет»). Яна вядомая не толькі ў Польшчы, але далёка і па-за яе межамі. Пры гэтым песню выконвалі і выконваюць розныя артысты, у тым ліку замежныя, і сярод іх – беларус Пётр Ялфімаў.

Пласцінка «Dziwny jest ten świat» выйшла 25 чэрвеня 1967 года, а аднайменны музычны твор пакарыў палякаў на фестывалі польскай песні ў горадзе Аполе ў тым жа годзе. Узнагарода апольскага музычнага форуму ў вялікай ступені дапамагла ў тым, што твор і кружэлка хутка сталі папулярнымі, адначасова стаўшы нефармальным гімнам канца 1960 гадоў.

Вось як летам 1967 года Часлаў Немэн расказваў пра песню «Dziwny jest ten świat».

- Я сваю песню прысвяціў важнай праблеме: у ёй я расказваю пра тое, што словы таксама могуць забіваць. У песні ёсць такі фрагмент: «Здараецца, што нехта словам заб’е гэтак, як нажом». І адначасова гэтая песня – маніфест, вера ў людзей. Апошні сказ: «Прыйшоў той час, самы час нянавісць знішчыць у сабе». Зразумела, гэта філасофскі змест. Яго таксама можна аднесці да войнаў, бо людзі спачатку пачынаюць узаемна ненавідзець, а пазней – ваяваць. На жаль, гэта вечная праблема.

А ў песні я хацеў аб’яднаць глыбокую музыку і моцныя словы.

Каб пласцінка атрымала статус «Залатой», неабходна выканаць шэраг умоў. Увогуле, першыя такога тыпу ўзнагароды ўпершыню з’явіліся ў ЗША: у выпадку сінгла тытул «Залатога» быў упершыню прызнаны ў 1942 годзе, а ў выпадку кружэлкі – у 1957-м. Пазней, у сувязі з ростам музычнага рынку, былі уведзеныя статусы «Платынавай» і «Дыяментавай пласцінак».

У Еўропе і Польшчы статусы кружэлак былі ўведзеныя крыху пазней. Пры гэтым, каб атрымаць тытул «Залатой пласцінкі», у ЗША трэба было прадаць больш за 500 тыс. кружэлак. Усё залежала ад ліку насельніцтва дадзенай краіны. Пласцінка «Dziwny jest ten świat» была прададзеная тыражом у 160 тыс. экзэмпляраў – гаворка пра 1968 год.

Дарэчы, актуальна сітуацыя выглядае кардынальна інакш. Сёння ў Польшчы статус «Залатога дыску» атрымлівае альбом, прададзены ў больш чым 15 тыс. экзэмпляраў, «Платынавы» – 30 тыс. асобнікаў, а «Дыяментавы» – 150 тыс. штук. Гаворка ідзе пра рэпертуар айчынных польскіх артыстаў. Такім чынам, пласцінка Немэна і гурта Akwarele, паводле сённяшніх стандартаў, атрымала б статус «Дыяментавай».

Нарадзіўся Часлаў Немэн у польскай сям’і ў Старых Васілішках (сёння Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у лютым 1939 года як Чэслаў Юліюш Выджыцкі, пазней узяў псеўданім Немэн.

Пасля заканчэння школы паступіў у Гродзенскае музычнае педагагічнае вучылішча. Калі будучаму артысту споўнілася 19 гадоў, яго чакала вайсковая служба ў Савецкай арміі, таму, скарыстаўшыся апошняй магчымасцю рэпатрыяцыі, ён з сям’ёй у 1958 годзе пераехаў у Польшчу, у балтыйскі горад Гданьск.

У Польшчы ён хутка зрабіў музычную кар’еру, праз нейкі час пашырыўшы свае выступы і творчасць на іншыя краіны.

Свае родныя Старыя Васілішкі ўпершыню пасля рэпатрыяцыі Чэслаў Выджыцкі наведаў толькі ў 1979 годзе, будучы ўжо вядомым артыстам, праз 21 год пасля таго, як пакінуў Беларусь.

Памёр Часлаў Немэн у студзені 2004 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл