У Музеі Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа (вёска Новае Поле Мінскага раёна) адкрылася выстава вядомага гісторыка Ігара Мельнікава. Экспазіцыя прысвечаная гісторыі даваеннай савецка-польскай мяжы, падзеям верасня 1939 года, а таксама апошнім гаспадарам маёнтку Новае Поле князям Друцкім-Любецкім.
На працягу апошніх дзесяці гадоў кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў правёў глыбокае даследаванне гісторыі даваеннай савецка-польскай мяжы ў Беларусі. Усё гэта яшчэ слаба вывучана беларуская гістарыяграфія, а грамадства практычна не ведае праўду пра міжваеннае дваццацігоддзе і пачатак Другой сусветнай вайны.
Дзеля таго, каб змяніць дадзеную сітуацыю ў лепшы бок, Ігар Мельнікаў і падрыхтаваў выставу «Новае Поле на «мяжы цывілізацый». Дарэчы, праект цалкам зроблены за ўласныя сродкі аўтара і з’яўляецца падарункам для Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа.
Выстава складаецца з некалькіх тэматычных блокаў. Першы – гэта савецкі бок даваеннай мяжы. Тут гутарка ідзе пра бальшавіцкую памежную камендатуру і заставу ў Новым Полі.
Другі распавядае пра польскі Корпус аховы памежжа і яго заставы, якія знаходзіліся на захад ад Новага Поля.
Трэці прысвечаны дзейнасці кантрабандыстаў на «мяжы цывілізацый».
З чацвёртага блоку госці выставы даведаюцца пра падзеі верасня 1939 года на «рыжскай мяжы» ля Заслаўя, Новага Поля і Ракава.
Нарэшце, пяты і самы галоўны блок выставы распавядае пра апошніх гаспадароў маёнтку Новае Поле князёў Друцкіх-Любецкіх.
У размове з намі Ігар Мельнікаў, у прыватнасці, сказаў, што род Друцкіх-Любецкіх мала чым саступае Радзівілам і Сапегам, але несправядліва менш вядомы ў Беларусі.
«Падчас перапісу 1897 года ў Расійскай Імперыі князь Геранім Друцкі-Любецкі запісаў сябе беларусам», – сказаў гісторык. З ім размаўляе Валеры Саўко.
слухайце аўдыёфайл