У апошнія гады ў Польшчы ды Беларусі назіраецца рост інтарэсу да традыцыйнай музыкі ды танцаў. Множацца танцавальныя вечарыны, ладзяцца ночы танцаў. Гэты інтарэс бярэцца з разумення таго, што сваё лепш за чужое, і з патрэбы больш глыбокай самаідэнтыфікацыі.
Сёння Польшча і Беларусь дзве асобныя краіны. Для палякаў Беларусь нават краіна загадка, якую яны паволі пачалі адкрываць дзякуючы бязвізу. Для беларусаў Польшча больш вядомая, бо шмат хто сюды прыязджае за пакупкамі ці на вучобу або працу, тым ня менш ня многія ведаюць у Беларусі, што паміж двума краінамі й народамі ёсць шмат агульнага.
Вельмі добра гэта бачна на прыкладзе традыцыйных танцаў. Пра што нам распавялі нашыя госці. Да нас у студыю завіталі танцорка, удзельніца фальклорнага гурта «Мілавіца» Аліцыя Крымоўская, інструктар танцаў Томаш Пэнкала, гарманіст, этнограф ды ініцыятар сацыяльных праектаў Андрэй Бароўскі.
Танец, які танцуюць усюды па ўсёй Беларусі - гэта вядомы "пад іспань". Безумоўна на Захадзе Беларусі, для Гродна, Гарадзеншчыны, Панямоння – гэта тыповы танец. Калі прыязджаеш у вёску ды запытваешся, што ж вы танчылі. Канешне, была полька, абэрак, але "пад іспань" – абавязкова.
Спадар Томаш, ці ў Польшчы вядомы гэты танец?
Так. У нас таксама яго танцуюць. Я сам вучу. Для нас гэта танец з Сувальскага рэгіёну. Там я з ім азнаёміўся. Ёсць яшчэ шмат іншых танцаў, але "пад іспань" вельмі файны.
На памежжы часта так бывае, што культуры мяшаюцца, кажа Аліцыя Крымоўская.
Дарэчы, танцы Заходняй Беларусі часта пераклікаюцца з польскімі. Таму я ў Польшчы не заўсёды хачу іх паказваць.
Пры гэтым для сучаснага чалавека ў традыцыйнай музыцы і танцах застаецца шмат невядомага. Нашыя веды частковыя, кажа Томаш Пэнкала.
Мы ведаем толькі ўрыўкі, якія дзесьці ўдалося ўбачыць, пачуць. У танцы самае галоўнае – гэта досвед, адчуць на ўласнай скуры. Танец – гэта рух, удзел. На танцы ня трэба глядзець на сцэне, а трэба ў гэтым удзельнічаць. Гэта самае важнае ў традыцыйных танцах, гэта крыніца дадзенай музыкі.
Спадар Андрэй, як вы ставіцеся да танцаў. Як вы пачалі цікавіцца традыцыйнымі танцамі?
Калі казаць асабіста пра мяне, я назіраў у дзяцінстве падчас святаў, як танцавалі мае дзяды і бабулі. Гэта засталося ў маёй галаве, як напамін таго, што танцавалі, і як. З часам яно крыху зацерлася, але цяпер аднавілася, калі з’явіўся інтарэс да традыцыйнай музыкі. Успаміны ажылі, аднавіліся, дапаўняюць тое, што цяпер я раблю.
Танец – гэта нешта сапраўднае ў жыцці, кажа Аліцыя Крымоўская.
Я гарадская дзеўчына, але ў мяне заўсёды было такое адчуванне, што мне нечага не хапае ў жыцці. Нечага сапраўднага і праўдзівага. Глыбокага! Я знайшла гэта ў традыцыйнай культуры, у народных нестылізаваных танцах. Асабліва ў беларускіх.
Таксама для палякаў традыцыйная культура важна, тым, што яна свойская. Гаворыць Томаш Пэнкаля.
Для мяне важна, што традыцыйная музыка тут створаная. Не ў Аргентыне, не ў ЗША, не ў Нямеччыне, дзе нехта ў студыі запісаў сабе хіт. Гэта музыка людзей, якія ўзялі скрыпку і пачалі граць музыку. Так нарадзіліся розныя танцы: полька, абэрак, віваты. У кожным раёне была свая музыка. У кожнай мясцовасці нешта сваё. Гэта была наша музыка. Таму яна нам цікава.
Які погляд на дадзеную справу ў беларусаў? Андрэй Бароўскі зазначае, што танец – інструмент збліжэння культур.
Атрымаўшы незалежнасць, людзі ў Беларусі пачалі шукаць сваю ідэнтыфікацыю. Нехта цікавіўся гісторыяй, нехта музыкай, а іншыя – танцамі. Мы разумеем, што сучасная Беларусь гэта тэрыторыя, якая аб'ядноўвае шмат культур, шмат розных этнасаў. Уплывы тут мяшаліся з Усходу, Захаду, Поўдня і Поўначы. Гэта бачна як у традыцыйнай музыцы, так і ў танцах. Ёсць людзі, якія ездзяць па вёсках і запісваюць апошнія дыяменты традыцыйнай культуры. У гарадах збіраюцца розныя клубы, якія растанцоўваюць гэтыя танцы. Ёсць музыканты, якія спрабуюць разабраць рэпертуар пад танцы. Танцы дазваляюць сустрэцца, пазнаёміцца, пазнаць адзін аднаго праз культуру, а не праз палітыку ці зброю.
Менавіта таму важна знаёміць з традыцыйнай музыкай дзяцей, зазначае Аліцыя Крымоўская.
Вельмі важнай справай зʼяўляецца этна выхаванне, далучэнне дзяцей і моладзі да традыцыйнай культуры. Вельмі важна, каб дзеці сутыкаліся з традыцыйнай культурай з дзяцінства. Яны наша будучыня.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч