Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы

30.04.2020 18:00
Папулярны ў 50-ыя гады хор спявае пра чырвоны аўтобус на варшаўскіх вуліцах.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакPixabay.com/Clker-Free-Vector-Images/CCO Creative commons

Першамайскія святы даўно ўжо страцілі той размах, значэнне і вагу, якімі яны карысталіся ў часы панавання сацыялістычнага ладу. Праўда, у Беларусі захаваліся да гэтае пары першамайскія парады, у Польшчы – гэта свабодны ад працы дзень, але і так насельніцтва ставіцца да 1 траўня як да яшчэ адной нагоды прыемна правесці свабодны дзень, а не як да важнага ідэалагічнага свята.

У часы Польскай Народнай Рэспублікі было створана нямала музычных кампазіцый, прысвечаных эпасу працы, у якіх усхваляліся людзі працы, пераважна, канешне, не інтэлігенцыя ці прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты, а звычайны рабочы клас. І адну з такіх песняў я хачу прадставіць вам сёння ў перадачы Музычны ўрок польскай мовы.

Называецца песня «Чырвоны аўтобус». Словы напісаў Казімеж Вінклер, музыку – славуты польскі кампазітар і музыкант Уладзіслаў Шпільман. У арыгінальным выкананні кампазіцыю спяваў хор Чэянда, але пасля песню спрабавалі выконваць таксама іншыя спевакі. Я прадстаўлю вам яе ў арыгінальным выкананні хору Чэянда з Анджэем Багуцкім.

Хор Чэянда – гэта польскі мужчынскі вакальны квартэт, заснаваны Чэславам Янушэўскім (псеўданім Чэянд). Пік папулярнасці хор заваяваў у 50-ыя гады мінулага стагоддзя. Калектыў выступаў не толькі ў Польшчы, гастраляваў таксама ў Балгарыі, Чэхаславакіі, ГДР, Венгрыі, Савецкім Саюзе. Хор супрацоўнічаў са шматлікімі вядомымі выканаўцамі ды кампазітарамі, між іншым Рэгінай Бельскай, Янінай Гадлеўскай, Мечыславам Фогам, Славай Пшыбыльскай, Уладзіславам Шпільманам, Ежы Васоўскім ды іншымі.

Gdy o świcie pędzę wichrem przez ulice

Jak przyjaciel dobry miasto wita mnie

I na prawdę wszystkim tyle szczęścia życzę

Ile daje mi Warszawa w każdy dzień

Proszę wsiadać, nikt nie spóźni się do pracy

Pojedziemy szybko, choć wokoło las

Las rusztowań wokół nas, to właśnie znaczy

Że nie stoi tutaj w miejscu czas

Autobus czerwony

Przez ulice mego miasta mknie

Mija nowe jasne domy

I ogrodów chłodny cień

Czasem dziewczę spojrzenie

Rzuci ku nam jak płomienny kwiat

Nowy jest jak tylko Nowy Świat

U nas nowy każdy dzień

A motor tak huczy

Tak wesoło basem dudni

Czy to jasne południe

Czy burzliwa ciemna noc

Autobus czerwony

A w nim ludzie, choćby każdy z was

Wszyscy patrzą, jakby pierwszy raz

Zobaczyli miasto swe

Wszyscy patrzą, jakby pierwszy raz

Zobaczyli miasto swe

Kierownicę trzeba chwycić w mocne dłonie

Kiedy motor jak koń młody naprzód rwie

Nawet wiatr od Wisły nas już nie dogoni

Nie dogoni nas gołębia szybki cień

Proszę wsiadać, to ostatni kurs, a potem

Gdy umilknie już motoru dźwięczny rytm

W jasne oczy spojrzę Ci, a serce potem

Na Twój widok, miła, zacznie bić

 

Калі світанкам я імчуся як віхар па вуліцах, як добры сябар горад мяне вітае і на самой справе я столькі шчасця ўсім жадаю, колькі дае мне Варшава кожны дзень. Калі ласка, уваходзьце, ніхто не спозніцца на працу. Мы паедзем хутка, хоць навокал лес. Лясы рыштаванняў вокал нас, гэта азначае, што тут час не стаіць на месцы.

Чырвоны аўтобус па вуліцах майго гораду імчыцца. Праязджае каля новых светлых дамоў і каля садоў халоднага ценю. Часам дзяўчына позірк кіне нам як вогненная кветка. Новы, як Новы Свет, у нас кожны новы дзень.

А рухавік так раве, так весела часам дудніць, ці гэта сонечны поўдзень, ці цёмная штармавая ноч. Аўтобус чырвоны, а ў ім людзі, хаця б кожны з вас, усе глядзяць, быццам бы першы раз убачылі горад свой.

Кіраўніцу трэба трымаць моцна ў далонях, калі рухавік як малады конь наперад ірвецца. Нават вецер з Віслы нас ужо не дагоніць. Не дагоніць нас голуба хуткі цень. Калі ласка, уваходзьце, гэта апошні курс, а пазней, калі ўжо замаўчыць рухавіка мілагучны рытм, я зірну ў твае светлыя вочы, а сэрца, калі цябе ўбачыць, пачне хутчэй біцца.

 

Слухаючы гэтую песню, я нават крыху засумавала па тых колішніх часах, калі па вуліцах ездзілі чырвоныя пузатыя аўтобусы, хадзілі піянеры ў чырвоных гальштуках, і агулам усё павінна было быць чырвоным. Розум разумее, што тады было цяжка, шэра і бедна, але была таксама надзея на лепшае будучае, нейкая вера ў людзей і аптымізм, якога цяпер многім не хапае, прынамсі мне. Можа, гэта сум па гадах дзяцінства і маладосці? Магчыма, але часам хацелася б такіх мілагучных аптымістычных песняў, якія ўсхваляюць звычайных людзей працы, якія едуць раніцай у чырвоным аўтобусе.

Pędzę wichrem, autobus mknie – я імчуся віхрам, аўтобус нясецца. Mknąć i pędzić – вельмі падобныя па значэнні дзеясловы. Яны азначаюць «вельмі хутка рухацца», несціся, імчацца.

Nikt nie spóźni się do pracy – ніхто не спозніцца на працу. Звярніце ўвагу, дарагія слухачы, што палякі ходзяць do pracy, а не на працу, як беларусы, і таксама палякі спазняюцца do pracy, а не на працу, як некаторыя беларусы, якія любяць паспаць. А я жадаю, каб вы прыходзілі на працу заўсёды своечасова.

Las rusztowań – лес рыштаванняў, якія будаўнікі расстаўляюць на будоўлі новага аб’екту або калі рамантуюць дом.

Nowy Świat – новы свет – гэта вуліца ў самым цэнтры Варшавы. Трэба запамятаць, што скланенне слова свет у значэнні «вуліца» і ў значэнні Зямля адрозніваецца. Палякі кажуць Nowego Światu (калі маюць на ўвазе вуліцу) і świata, калі гавораць пра нашу планету, усё чалавецтва.

Motor huczy – рухавік раве. Тут ужытае слова motor, але цяпер часцей у дадзеным значэнні палякі карыстаюцца словам silnik (рухавік машыны).

нг