6 мая споўнілася б 70 гадоў выдатнаму польскаму музыканту і кампазітару Збігневу Вадэцкаму, калі б ён быў яшчэ сярод жывых. На жаль, любімы шматлікімі палякамі спявак памёр у 2017 годзе, але ён ня быў забыты. Сёлета пра яго ўзгадваюць іншыя польскія артысты ў песні, якая была запісана адмыслова дзеля таго, каб ушанаваць памяць Збігнева Вадэцкага.
Ролік з песняю «Разам быць» запісалі кракаўскія музыкі – між іншым Бэата Рыбатыцка, Рэната Пшэмык, Анна Дымна, Гжэгаж Турнаў, Анджэй Сікароўскі ды іншыя – агулам каля 20 чалавек. Прататыпам кампазіцыі паслужыла песня Вадэцкага пад загалоўкам «Давайце навучымся жыць адзін каля аднаго», але іншае выкананне атрымала назоў «Разам быць». Ініцыятарам запісу стала фундацыя імя З. Вадэцкага, якая пасля смерці музыканта ладзіць фестываль, прысвечаны ягонай памяці. Сёлетні фестываль паводле ідэі павінен быць стаць выключнай падзеяй – запрошаныя ў Кракаў выканаўцы хацелі святкаваць разам дзень нараджэння памерлага тры гады таму музыканта. На жаль, фестываль прыйшлося адмяніць з-за пандэміі каранавіруса, але пра дзень нараджэння не забылі.
Кракаўскія музыканты запісалі фрагменты песні, а пазней гэтыя індывідуальныя запісы былі спалучаныя ў адну кампазіцыю, эфект паслухаеце ўжо неўзабаве. Скажу адразу, што я была ў захапленні.
Па словах старшыні фундацыі імя З. Вадэцкага, дачкі музыканта Катажыны Вадэцкай-Стабс (Katarzyna Wodecka-Stubbs), песня з’яўляецца таксама доказам удзячнасці за працу медыкаў ды іншых людзей, якія ўключыліся ў барацьбу з небяспечным вірусам. «Сёння, калі, нягледзячы на ізаляцыю, мы клапоцімся адзін пра аднаго і змагаемся за здароўе, мы хочам падзякаваць усім, хто аказвае дапамогу – медычнаму персаналу і людзям добрай волі. Бо, нягледзячы ні на што, мы ўмеем быць разам», – адзначае Катажына Вадэцка.
Umiemy żyć obok zła
nie widzieć krzywd ani łez ani biedy
Tysiące spraw każdy ma
a przecież nikt czasu nie da na kredyt
Lecz po dniu wiecznie zdyszanym
gdy zamilknie zamków szczęk
Słychać przez zbrojone ściany
jak drży nasz własny lęk
Umiemy żyć obok zła
nauczmy się wreszcie żyć obok siebie
Kłopotów moc każdy ma
o których nikt oprócz niego nic nie wie
Dzielmy się chlebem i troską
niech już nikt nie będzie sam
Ziemia jest globalną wioską
tym bardziej więc się uda nam
Razem być
Ładniej żyć
Przestańmy kryć
Sympatii nić
Мы ўмеем жыць побач са злом, не бачыць слёз, крыўды і галечы. Тысячы спраў кожны мае, а ніхто ж не дасць часу ў крэдыт. Аднак калі прайшоў дзень у вечнай спешцы, калі ўціхне замкоў бразганне, чуваць праз тоўстыя сцены, як дрыжыць наш уласны страх.
Мы ўмеем жыць каля зла, давайце навучымся ўрэшце жыць каля сябе. Праблемаў шмат кожны мае, пра якія ніхто, акрамя яго, нічога не ведае. Давайце дзяліцца хлебам і клопатам, хай ніхто не будзе адзін, Зямля – глабальная вёска, таму нам павінна ўдасца.
Разам быць, прыгажэй жыць, давайце перастанем скрываць нітачку сімпатыі.
Тэкст гэтай песні напісаў Войцех Кэйнэ, музыку – Збігнеў Вадэцкі. Арыгінальны загаловак – «Давайце навучымся жыць адзін каля аднаго», арыгінальнае выкананне ў 1992 годзе – Збігнеў Вадэцкі.
Żyć obok siebie – жыць адзін каля аднаго. У беларускай мове мы б скарысталіся хутчэй іншай формай, чым «сябе» у дадзеным выпадку – адзін каля аднаго, побач з іншымі.
Nie widzieć krzywd, ani łez, ani biedy – не бачыць крыўдаў, слёз і галечы (беднаты). Bieda па-польску – гэта сінонім малазабяспечанага жыцця, калі ў распараджэнні чалавека няма дастатковай колькасці грошай або іншага капіталу. А вось бяда ў беларускім значэнні – гэта польскае nieszczęście.
Nikt czasu nie da na kredyt – ніхто часу не дасць у крэдыт. Палякі купляюць кватэры, машыны ды іншыя рэчы na kredyt, а беларусы – у крэдыт.
Zbrojone ściany – я пераклала тоўстыя сцены, але zbrojone, zbrojenie – гэта арматура сцен, у якой спалучаны метал (металічныя пруты) і бетон – жалезабетонныя канструкцыі.
Kłopotów moc każdy ma – праблемаў шмат кожны мае. Moc – гэта як магутнасць, сіла, так і ў пераносным значэнні – вялікая колькасць, вельмі шмат.
нг