Беларуская Служба

«Склеп пад баранамі» – маленькая выспа ў моры свінства, шэрасці і глупства

26.05.2020 13:11
26 траўня 1956 года ў Кракаве першы выступ дало легендарнае польскае кабарэ «Склеп пад баранамі».
Аўдыё
  • «Склеп пад баранамі» ва ўмовах камуністычнай цэнзуры і заморанай сацыялістычнай эстрады прыцягваў на сваю сцэну выбітных музыкаў і аўтараў.
    1966 ,
Кабарэ "Склеп пад баранамі" 1966 год, на эстрадзе Эва Дэмарчык Foto: PAP/Henryk Makarewicz

64 гады таму, 26 траўня 1956 года паўстала славутае кракаўскае кабарэ Piwnica pod Baranami, па-беларуску «Склеп пад баранамі».

«Склеп пад баранамі» стаў унікальнай з'явай польскай культуры. Кабарэ з красамоўнай назвай зарадзілася на зары польскай Адлігі, яно заставалася адным з цэнтраў альтэрнатыўнай творчай плыні Польшчы на працягу паловы стагоддзя.

«Склеп пад баранамі» ва ўмовах камуністычнай цэнзуры і заморанай сацыялістычнай эстрады прыцягваў на сваю сцэну выбітных музыкаў і аўтараў.

Смерць тырана ў 1953 годзе і выкліканае гэтым Адліга кардынальна паўплывалі на лёсы паняволеных камуністычнай Масквой народаў. Польшча не стала выключэннем. Адліга прынесла Цэнтральнай і Усходняй Еўропе доўгачаканую палёгку, якая ўвасобілася ў росквіце культуры.

26 траўня 1956 года ў Кракаве першы выступ дало легендарнае польскае кабарэ «Склеп пад баранамі». Напярэдадні некалькі тамтэйшых студэнтаў на чале з Пятром Скшынэцкім прыстасавалі да патрэбаў сцэны сутарэнні Кракаўскага Дому культуры, які месціўся ў старажытным «Палацы пад баранамі».

Як бы зараз сказалі крэатыўная моладзь намервалася ладзіць там творчыя сустрэчы студэнтаў мастацкіх універсітэтаў Кракава. Аднак даволі хутка студэнцкае самадзейнасць перарасла ў сапраўднае кабарэ і самы знакаміты асяродак джазавай музыкі ў Польшчы.

Своеасаблівым «рухавіком» «Склепу пад баранамі» быў Пётр Скшынэцкі. Сорак гадоў Пётр Скшынэцкі быў кіраўніком Кабарэ і канферансье, рэжысёрам спектакляў, сцэнарыстам. Менавіта Пятру Скшынэцкаму кабарэ «Склеп пад баранамі» абавязана сваім непаўторным вобразам і стылем. Апрануты ў плашч і чорны капялюш з пяром, Скшынэцкі насіў з сабой уласцівы яму маленькі званочак, з якім выступаў на сцэне. Незадоўга да сваёй смерці ў 1997 годзе Пётр Скшынэцкі прыгадваў пачаткі «Склепу пад баранамі»:

- Мая прыгода распачалася ў 1956 годзе. Вялікая група студэнтаў заснавала клуб у сутарэннях. Мы зарбілі гэта, каб свабодна размаўляць, тварыць, нешта рабіць. Кабарэ служыць пластыцы.

Пік папулярнасці кабарэ «Склеп пад баранамі» прыпаў на 1960-70 гады. Менавіта ў гэты перыяд былі створаны самыя вядомыя творы абʼяднання, «Склеп пад баранамі» здабыў рэпутацыю аднаго з лепшых мастацкіх калектываў Польшчы.

Адной з зорак кабарэ была Эва Дэмарчык, для якой музыку пісаў кампазітар Зыгмунт Канечны. Іх творы зачароўвалі публіку, сярод іх – Czarne anioły (па-беларуску «Чорныя анёлы»), Grande Valse Brillante, Groszki i róże («Гарошак і ружы»), або Karuzela z Madonnami («Карусель з Мадоннамі»). 

Кампазітар Зыгмунт Канечны прыгадваў у адной з размоваў з Польскім радыё, што ягоныя творы, напісаныя для «Склепу пад баранамі», не адразу здабывалі папулярнасць публікі:

-Спачатку нашыя песні падабаліся толькі некаторым, але потым паступова яны ператварыліся ў сапраўдныя шлягеры. Менавіта тыя песні, якія я пісаў, а спявала Дэмарчык.

Дух свабоды, які панаваў у асяродку творцаў кабарэ «Склеп пад баранамі» падабаўся не ўсім. Артысты кракаўскага кабарэ не раз сутыкаліся з пераследам творчай свабоды з боку камуністычных уладаў ПНР. Некалькі разоў кабарэ «Склеп пад баранамі» наагул было зачынена.

Непакорлівыя аўтары і выканаўцы не хацелі падпарадкоўвацца цэнзуры, а іх гратэскныя і сатырычныя тэксты ўводзілі кракаўскіх партыйных чыноўнікаў ад культуры ў замяшанне. «Мы маленькая выспа ў моры свінства, шэрасці, глупства, подласці, цынізму і нецярпімасць», – казаў калісьці заснавальнік «Склепу пад баранамі» Пётр Скшынэцкі.

Гнеўная рэакцыя ўлады на дзейнасць «Склепу пад баранамі» не павінна здзіўляць. Камуністы не дапускалі нават ценю сапраўднай сатыры і крытыкі ў свой бок. А сатыры ў «Склепу пад баранамі» не бракавала. Адзін з аўтараў кабарэ Веслаў Дымны выконвае ўласную пародыю на першага сакратара ЦК ПАРП Уладзіслава Гамулку:

- Напрыклад тав. Маеўскі. Ён узяў і падняў ураджайнасць з аднаго гАктара... і перанёс на другі! Таксама давайце падымім, паставім і няхай жа стаіць!

Значэнне творчасці ўдзельнікаў кабарэ «Склеп пад баранамі» для польскай масавай культуры апошняга пяцідзесяцігоддзя цяжка пераацаніць. Маштаб гэтай зʼявы становіцца зразумелым калі зірнуць на тых, каго эстрада «Склепу пад баранамі» прымала, а хто глядзеў і слухаў яе.

«Склеп пад баранамі» прывабліваў вядомых польскіх выканаўцаў Кшытофа Літвіна, Эву Дэмарчык, Анну Шалапак. З кабарэ супрацоўнічала безліч музыкаў, актораў пісьменнікаў і паэтаў. Варта прыгадаць паэта-песенніка Марэка Грэхуту, кампазітараў Зыгмунта Канечнага і Кшыштафа Камэду. Пастаяннымі гасцямі «Склепу пад баранамі» былі легендарная польская паэтка Агнешка Асецка, драматург Славамір Мрожак, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Чэслаў Мілаш, аскараносны рэжысёр Анджэй Вайда, кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі ды многія іншыя.

Пасля смерці заснавальніка «Склепу пад баранамі» Пятра Скшынэцкага ў 1997 годзе кабарэ не спыніла сваёй дзейнасці. Цяперака ў «Склепе пад баранамі» працягваюцца канцэрты.       

Слухайце аўдыё!

IAR/эж