У гэтай перадачы я стараюся прадстаўляць не толькі класіку польскай музычнай эстрады, але таксама новыя песні, новых выканаўцаў і цікавыя трэнды ў музыцы. Сёння вашай увазе кампазіцыя музыканткі, якая, праўда, ужо даволі доўга выступае на сцэне, але нядаўна выйшла новая кружэлка выканаўцы пад назваю «Пачатак ночы». З гэтага кампакт-дыску вы зможаце паслухаць песню, але спачатку крыху фактаў з біяграфіі Марыі Садоўскай.
Нарадзілася ў 1976 годзе ў Варшаве ў сям’і музыкантаў. Яе бацька па прафесіі піяніст, арганіст і кампазітар, маці – пяснярка і флейтыстка. Так што з самага дзяцінства ў Марыі былі блізкія ўзоры, што накіравалі яе ў музычнае рэчышча. Яна закончыла музычную школу імя Шапэна ў Варшаве і Акадэмію фільму і тэлебачання ў Лодзі, факультэт «Рэжысура».
Марыя Садоўска на пачатку сваёй музычнай кар’еры выступала ў дзіцячым калектыве Tęcza (вясёлка), з якім давала канцэрты, а нават выдала кампакт-дыск. У 1993 годзе на рынку паявілася яе першая сольная кружэлка Jutro (Заўтра). Калі дзяўчыне было 19 гадоў, яна выехала ў ЗША, дзе грала танцавальную музыку, супрацоўнічала з прадзюсарамі, між іншым Мадонны і гурту Spice Girls. У ЗША пражыла некалькі гадоў, а калі вярнулася ў Польшчу, пачала працу над новай кружэлкай, якая выйшла ў 2004 годзе. З таго часу Марыя запісала яшчэ некалькі кампакт-дыскаў.
Садоўска не толькі выступае на сцэне, яна таксама не закінула сваю прафесію, якой навучылася ў ВНУ – працу над фільмамі ў якасці рэжысёра. Яе першы фільм «Дзень жанчын» быў зняты ў 2012 годзе, яна таксама з’яўляецца рэжысёрам гучнай у Польшчы кінакарціны «Мастацтва кахання» – біяграфіі славутай лекара-сексолага з часоў Польскай Народнай Рэспублікі Міхаліны Віслоцкай.
Марыя Садоўска была таксама членам журы пяці сезонаў тэлепраграмы The Voice of Poland на грамадскім польскім тэлебачанні.
А я прапаную вашай увазе кампазіцыю Марыі Садоўскай, якая называецца «Wolno umierać» з новай кружэлкі «Пачатак ночы».
Chyba nie skoczę dzisiaj z mostu, nieważnych słów nie powiem.
Już będę tu czekać tak po prostu
Jesteśmy tu tylko przejazdem i nie dogoni nas świt,
Jeśli zamierzasz przyjść właśnie teraz, i nie wymyślił by nikt,
Jak dużo wolniej by można umierać.
Upoważnieni przez magię nocy, 250 gram alkoholu,
Uprawiamy bez słów rozmowę
Do materaców w środku kosmosu.
Płoną mosty, kiedy rzucasz cień,
miedzy nami wszystko staje się naprawdę.
Umieram jak chcę
Бадай, я сёння не скокну з мосту, няважных слоў не скажу, ужо буду чакаць, так проста. Мы тут толькі праездам і не дагоніць нас світанак, калі ты намераны прыйсці менавіта цяпер. І не прыдумаў бы ніхто, як на шмат павольней можна было б паміраць.
Мы ўпаўнаважаныя магіяй ночы. 250 грамаў алкаголю. Вядзем без словаў размову, звяртаемся да матрацаў у сярэдзіне космасу.
Гараць масты, калі ты кідаеш цень. Паміж намі ўсё становіцца сапраўдным. Я паміраю, як хачу.
Wolno umierać – з гэтага словазлучэння, якое з’яўляецца таксама назваю кампазіцыі, я пачну разгляд верша. Цікавае ў дадзеных двух словах тое, што можна іх перакласці па-рознаму, а як, можна здагадацца толькі з кантэксту, у дадзеным выпадку да канца не вядома, ці гэта «Дазволена паміраць», ці «Павольна паміраць». Таму я не пераклала загаловак, калі прадстаўляла песню, паколькі ёсць неадназначнасць у гэтай назве. Слова wolno азначае як паволі, без спешкі, так і дазволена, можна.
Po prostu – гэта значыць тое ж самае, што і на беларускай мове – папросту, проста, я толькі хачу звярнуць увагу на тое, як пішацца гэтае словазлучэнне на польскай мове асобна.
Jak dużo wolniej by można umierać – як значна павольней можа было б паміраць. І вось тут, як кажуць, сабака зарыты. З гэтага сказу вынікае, што ў загалоўку гаворка ідзе пра тое, што можна павольней паміраць, а не агулам, што паміраць дазволена. Акрамя таго, выраз dużo, duży можа ўводзіць беларусаў у зман, хто, канешне, не валодае добра польскай моваю. Dużo – гэта шмат, а duży – вялікі.
Upoważnieni przez magię nocy – мы ўпаўнаважаныя магіяй начы. Вельмі тыпічная канструкцыя для польскай мовы – upoważnieni przez kogo – па-беларуску ўпаўнаважаныя кім. Іншыя прыклады:
Praca domowa jest zrobiona przez Marię – дамашнюю работу зрабіла Марыя (або зробленая Марыяй);
Rekord pobity przez wybitnego sportowca – рэкорд пабіў выбітны спартсмен (або пабіты выбітным спартсменам);
Woda wypita przez psa – вада выпітая сабакам (ваду выпіў сабака).
нг