21 чэрвеня стартуе вядомейшая праграма Польскага радыё, якая гучыць на хвалях Першага каналу ўжо больш за 50 гадоў. Цягам гэтага часу на ёй вырасла некалькі пакаленняў палякаў, а сама перадача стала легендарнай, трапіўшы на старонкі гісторыі польскай радыёжурналістыкі. «Лета з радыё» заўсёды пачынаецца з надыходам астранамічнага лета і завяршаецца ў апошні дзень жніўня.
Сярод дат у гісторыі Польскага радыё ёсць падзея, на якую варта звярнуць увагу і якой сёлета споўняцца 52 гады. 1 ліпеня 1971 году ўпершыню выйшла летняя забаўляльная праграма «Лета з радыё», якая і па сённяшні дзень мае сваіх верных прыхільнікаў.
«Кларнет полька», хоць таксама сустракаецца назва полька «Дзядуля» (Polka Dziadek па-польску) – пазыўны перадачы «Лета з радыё» з самага пачатку прысутнасці праграмы ў эфіры. Дзякуючы гукам, якія застаюцца ў памяці, гэты народны баварскі твор у Польшчы асацыюецца выключна з перадачай «Лета з радыё». Без перабольшвання можна сказаць, што гэта найбольш вядомы пазыўны ў гісторыі польскага радыёвяшчання.
У тыя часы, на пачатку 1970-х гадоў, у ПНР былі тры агульнапольскія каналы Польскага радыё, рэгіянальныя дзяржаўныя станцыі і некалькі маладзёвых радыё. Зразумела, існаваў таксама Канал замежнага вяшчання Польскага радыё, але яго праграмы былі накіраваныя на замежную аўдыторыю. Такім чынам, у палякаў быў невялікі выбар, калі казаць пра радыё і радыёперадачы. І з’яўленне «Лета з радыё» было свайго роду рэвалюцыяй!
Па-першае, гэта была лёгкая перадача, адпаведна на час водпускаў, з мінімальнай колькасцю палітыкі і палітыкаў, у якой журналісты расказвалі пра падарожжы, свабодны час, літаратуру, кіно, адпачынак і гэтак далей. Больш за тое, перадача выходзіла ў эфір кожны дзень з 09:00 раніцы да 12:00 гадзіны ў прамым эфіры і з тэлефанаваннямі слухачоў, што ў той час было нечым абсалютна новым. І было (і таксама ёсць) шмат музыкі ў выкананні вядомых артыстаў, для прыкладу, Марылі Радовіч. Вядомейшая полька абсалютна не збіраецца на пенсію і прыме ўдзел у сёлетняя канцэртнай трасе.
«Лета з радыё» было таксама накіраванае для замежных слухачоў, бо дзякуючы радыёвышцы ў Гомбіне Першы канал Польскага радыё прымаўся ва ўсёй Еўропе, а сігнал даходзіў ажно да Урала. І таму ў перадачы разам з польскімі навінамі гучалі кароткія выпускі навін на англійскай, нямецкай і рускай мовах кожную гадзіну. Рыхтавалі навіны, зразумела, журналісты замежнага вяшчання Польскага радыё.
Maskotką tegorocznej edycji "Lata z Radiem" jest konik polski
«Лета з радыё» – гэта таксама шматлікія конкурсы, паездкі журналістаў Першага каналу ў рэгіёны і сустрэчы з жыхарамі, а таксама канцэртныя трасы польскіх і замежных артыстаў у розных кутках Польшчы. Штогод «Лета з радыё» мае новага талісмана – мяккую плюшавую цацку: ці то бусліка, ці то бабра ці то львяня. Сёлета – гэта конік.
Marcin Kusy z tegoroczną maskotką "Lata z Radiem"
Падчас прэзентацыі сёлетняй праграмы дырэктар і галоўны рэдактар Першага каналу Польскага радыё Марцін Кусы звярнуў увагу на тое, што ў 2023 годзе зноўку вяртаюцца канцэрты, спыненныя з-за эпідэміі каранавіруса.
- Я ўпэўнены, што «Лета з радыё» інтрыгуе і цікавіць, ведаю, што, нягледзячы на ўзрост, гэта надалей папулярная, флагманская праграма Польскага радыё, Першага каналу Польскага радыё. Сёлета «Лета з радыё» ўпершыню пасля эпідэміі, згодна з традыцыяй, арганізуе пленэрныя канцэрты з удзелам гледачоў у розных населеных пунктах краіны. Канцэртныя трасы пачнём ужо ў чэрвені, а закончым 27 жніўня. Наведаем 10 гарадоў, розныя куткі Польшчы: і поўнач, і цэнтр, і поўдзень.
Вялі і вядуць «Лета з радыё» найбольш вядомыя польскія радыёжурналісты, а для некаторых з іх гэтая перадача стала свайго роду трамплінам у сапраўдную журналістыку.
«Лета з радыё», нягледзячы на ўзрост у паўстагоддзя, надалей мае кола сваіх верных прыхільнікаў, якія кожны год чакаюць 21 альбо 22 чэрвеня (у залежнасці ад года), калі ў эфіры Першага каналу Польскага радыё прагучыць «Кларнет полька».
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл