Беларуская Служба

Вiзiтоўка беларусаў Познанi: хор «Познаньскi спеўны сход» запiсвае першы альбом

04.03.2025 06:07
Візітоўка беларусаў Познані – хор «Познаньскі спеўны сход» прыступіў да запісу свайго першага альбома, тым самым падводзячы вынікі сваёй дзейнасці амаль за тры гады існавання.
Аўдыё
  • «Познаньскi спеўны сход» запiсвае першы альбом
Хор «Познаньскі спеўны сход» у студыі падчас запісу свайго першага альбомаБеларуская служба Польскага радыё/П. Залескі

Настала пара

Паводле спадарыні Алены, якая з’яўляецца куратарам праекта, настала пара падзяліцца песнямі з іх праграмы, аранжыроўку якіх зрабіў кіраўнік хору Ілля Сініца. Усе песні і іх аўтары вядомыя беларусам, але ў выкананні «Познаньскага спеўнага сходу» не ўсе маглі іх пачуць.

— Гэта творы вядомых беларускіх кампазітараў і выканаўцаў, такіх як Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, гурт «Уліс», які, праўда, ужо не існуе. Таксама сярод твораў ёсць знакамітая «Калыханка», якая заўсёды гучала на БТ.

На платформе «Гронка», створанай беларусамі за мяжой для падтрымкі беларускіх ініцыятыў, удзельнікі хору сабралі неабходныя сродкі для прафесійнага запісу.

Запісваемся ў прафесійнай студыі

Спадарыня Алена распавядае, што сродкі для запісу сабралі яшчэ да Новага года, але паколькі студзень быў перыядам навагодніх і калядных святаў, а ўдзельнікі хору былі задзейнічаны ў калядаванні і канцэртах, то толькі цяпер прыступілі да працы над запісам альбома.

— Хор мы запісваем у тэатры Scena na Piętrze. У іх ёсць адпаведная прафесійная апаратура для запісу хора. Адзін дзень мы ўжо там адпрацавалі, і нам вельмі спадабалася. Запіс праводзім з гукарэжысёрам Арцёмам Петрашэвічам. Ён беларус і мае тут сваю студыю. З ім мы яшчэ запісваем асобна інструменты. Некаторыя песні таксама пішам у яго студыі, калі не патрабуецца вялікая зала. Першы дзень запісу ўжо мінуў, і для ўсіх гэта было вельмі хвалююча.

Аднак суразмоўца адзначае, што працэс гуказапісу даволі складаны.

— Паколькі мы ўсё ж аматарскі хор і сярод нас няма суперпрафесіяналаў, якія маглі б сыграць і заспяваць ад пачатку да канца адным дублем, то нам даводзіцца пісаць інструменты асобна, галасы асобна, каб потым была магчымасць гэта адрэдагаваць.

Сем вядомых песень

Усяго, паводле суразмоўцы, плануецца запісаць сем песень.

— Адна з іх трохі вылучаецца і ідзе ў нас асобным трэкам — гэта «Фінская полька» ў перакладзе на беларускую мову. Таксама ў альбоме будуць «Простыя словы», «Сонца нам дапаможа» Лявона Вольскага, «25 сакавіка» Зміцера Вайцюшкевіча, «Грай» «Ляпісаў», «Радыё Свабода» з рэпертуару «Уліса» і «Калыханка».

Падзяліцца з іншымі і матываваць сябе

Спадарыня Алена кажа, што запіс хору плануецца выкласці ў вольны доступ, каб кожны мог паслухаць «Познаньскі спеўны сход». Яна падкрэслівае, што, вырашыўшы зрабіць гуказапіс хору, яны мелі дзве асноўныя мэты:

— Першая мэта — падзяліцца з людзьмі, каб з’явілася як мага большая аўдыторыя, якая можа пачуць нашы песні. Канешне, аўдыторыя, якая слухае хор, значна меншая, чым тая, што слухае папулярныя песні, але хары ўсё ж з’яўляюцца. І, як сказаў наш дырыжор, песні, якія праспяваў адзін чалавек, — гэта важна. А тое, што праспяваў хор, — гэта ўжо ў дваццаць разоў мацней.

— Другая мэта — гэта важна для нас саміх. Запіс прымушае ўдзельнікаў хору павышаць якасць нашага выканання, імкнуцца спяваць лепш. Гэта матывуе працаваць над сабой яшчэ больш.

Гэта была доўгая дарога

Кіраўнік хору Ілля Сініца, крыху задумаўшыся, згадвае першыя крокі хору і распавядае, што ўсё пачыналася на чыстым энтузіязме. У хор прыходзілі новыя людзі, а некаторыя сыходзілі. З колькасцю канцэртаў і выступаў рос прафесіяналізм калектыву, і цяпер ім ёсць чым падзяліцца з шырокай аўдыторыяй. Таму і было прынята рашэнне зрабіць прафесійны запіс і выкласці яго ў адкрыты доступ.

— Гэта была доўгая дарога, і яна яшчэ не скончылася. І на тым, што мы зробім запіс, яна таксама не скончыцца. Запіс ідзе, і мы працягваем вучыцца. Насамрэч, тры гады таму гэта было немагчыма ўявіць. Я слухаю старыя запісы, і яны не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, што мы маем цяпер.

Крута, што можна пакінуць след у гісторыі

Ігар спявае ў хоры паўгода, яму вельмі падабаецца калектыў. У яго няма музычнай адукацыі, але ён любіць спяваць і ўдзельнічаў у школьным хоры. Ён таксама задаволены тым, што хор робіць прафесійны гуказапіс, і іх выкананне стане даступным для ўсіх.

— Вельмі крута, што можна пакінуць свой след у гісторыі такім чынам. І гэта таксама вельмі важная справа для хору, бо мы ўсе да гэтага доўга ішлі.

Раней ці пазней гэта павінна было адбыцца

Яшчэ адзін удзельнік хору, Саня, таксама задаволены тым, што хор нарэшце робіць свой першы прафесійны гуказапіс. Ён у хоры ад самага пачатку яго існавання.

— Я лічу, што гэта раней ці пазней павінна было адбыцца. І вось мы нарэшце сабраліся з сіламі, каб выдаць нейкі прадукт, каб пра нас маглі даведацца і паслухаць. Гэта ўжо варты ўзровень, не такі, як быў спачатку, калі мы збіраліся проста для душы, каб не забыць родную мову і свае каштоўнасці. А зараз у нас зусім іншы ўзровень.

Візітоўка беларусаў Познані

Хор «Познаньскі спеўны сход» лічыцца візітоўкай мясцовай беларускай эміграцыйнай супольнасці. Менавіта яны найчасцей прадстаўляюць беларусаў у Познані перад палякамі, украінцамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Менавіта праз іх песні ў Вялікапольскім ваяводстве найбольш даведваюцца пра Беларусь.

Пачыналася ўсё амаль тры гады таму, калі беларусы проста збіраліся ў парку і спявалі беларускія песні. Тады ў іх не было ні назвы, ні рэпертуару, а толькі жаданне спяваць.

З цягам часу з’явіўся кіраўнік хору Ілля Сініца, а разам з ім і назва — «Познаньскі спеўны сход». Крок за крокам, канцэрт за канцэртам — і вось цяпер прафесійны гуказапіс, каб «Познаньскі спеўны сход» маглі пачуць не толькі ў Познані, але і ва ўсім свеце.

Павел ЗАЛЕСКІ