Беларуская Служба

На аптэчным рынку ў Польшчы адбываецца «перагрупоўка»

04.03.2025 13:01
У 2017 годзе ў Польшчы працавала больш за 13,5 тысяч аптэк. Цяпер іхная колькасць скарацілася да 11 тысяч.  
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Ondrej Janovec/pixabay.com/CC0 Public Domain

За апошнія сем гадоў у Польшчы закрылiся больш за 2 200 аптэк, летась - каля 200. Галоўныя прычыны – эканамічныя.

Асабліва ў невялікіх гарадах назіраецца небяспечная тэндэнцыя – буйныя аптэчныя сеткі выцясняюць з рынку невялікія суб'екты гаспадарання, кажа старшыня Вышэйшай фармацэўтычнай рады Марэк Томкаў (Marek Tomków):

-Тэндэнцыя бачная ўжо ў Цэнтральным рэестры аптэк, дзе мы бачым адлюстраванне гэтых працэсаў. Буйныя сеткі спачатку купляюць невялікія аптэкі ў сваім раёне, а пазней іх закрываюць, каб справіцца з канкурэнцыяй. Гэта недобрасумленныя дзеянні.

Між тым, частка аптэк знікла з рынку ў Польшчы таксама па іншых прычынах, напрыклад, за ўдзел у незаконных дзеянняў, нагадвае Марэк Томкаў:

- Сотні аптэк былі зачыненыя за нелегальны гандаль лекамі або за гандаль субстанцыямі, з якіх вырабляюцца наркатычныя рэчывы. Такім чынам, у групу закрытых аптэк улічваюцца і тыя, у якіх адабралі дазволы на дзейнасць.

У 2017 годзе ў Польшчы працавалі 13 607 аптэк. Як прызнаюць прадстаўнікі сектара, у той час новыя аптэкі часта адкрываліся ў нерацыянальных месцах і таму таксама неўзабаве банкрутавалі. «У той час у нас было столькі аптэк, колькі ў Вялікабрытаніі, дзе пражывае больш за 65 мільёнаў чалавек», - нагадаў старшыня Вышэйшай фармацэўтычнай рады.

Цяпер у Польшчы працуе каля 11 тысяч аптэк.

IAR/аз

 

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі