Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі выказаў спадзяванні, што форум імя героя Беларусі, Літвы, ЗША і Польшчы Тадэвуша Касцюшкі будзе перыядычнай падзеяй, прынамсі да таго часу, пакуль Беларусь не адновіць незалежнасць і дэмакратыю. Сікорскі выступае адвакатам дэмакратычнай Беларусі ў еўрапейскіх структурах. Удзельнікам форуму стала вядома, што на апошнім пасяджэнні Савета замежных спраў Еўрасаюза кіраўнік польскага МЗС звярнуў увагу на канкрэтныя моманты ў гісторыі Беларусі, каб еўрачыноўнікі больш разумелі падзеі сучаснасці.
Р. Сікорскі: У медыяпрасторы Заходняй Еўропы гісторыя нашага рэгіёну малавядомая. Гэта датычыць Польшчы і тым больш Беларусі, што мае практычны ўплыў на прыняцце палітычных рашэнняў. Калі Пуцін апраўдваў сваю агрэсію супраць Украіны, ён выкарыстаў усю царскую і савецкую гістарычную хлусню, якая ўтрымлівае міфалогію і апраўдвае расійскі імперыялізм, пачынаючы з крадзяжу тоеснасці Украіны Масквой і спадчыны Кіеўскай Русі. Беларусь таксама з’яўляецца ахвярай гэтых гістарычных маніпуляцый, у выніку чаго дзяржаўнасць Расіі відавочная для многіх заходніх палітыкаў, а тоеснасць і неабходнасць існавання некаторых постсавецкіх дзяржаў — не відавочныя. Дык нагадаю, што афіцыйнай пісьменнасцю Вялікага Княства Літоўскага на працягу паўтысячагоддзя, 500 гадоў, была беларуская мова, што менавіта беларусы пад кіраўніцтвам князя Астрожскага разбілі маскавітаў пад Оршай у 1514 г. І таму Беларусь мае роўна такое ж права на існаванне як незалежная і дэмакратычная краіна, якое мела б Расія, калі б пераадолела свой імперскі сіндром. Менавіта ў Вялікім Княстве Літоўскім былі надрукаваныя першыя кнігі, напісаныя кірыліцай, а ў Расіі з’явіўся першы ўніверсітэт толькі пасля заваявання Кіева. Гэта справы, якія вядомыя нам у Польшчы, але якія трэба тлумачыць нашым заходнееўрапейскім партнёрам. Гэтая гісторыя мае свой сэнс, і я перакананы, што рана ці позна беларускі народ атрымае тое, на што ён мае права.
Міністр Сікорскі нагадаў, што згодна з Рымскай дамовай, якая паклала пачатак стварэнню еўрапейскай супольнасці, кожная краіна мае права падаць заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз. І дадаў, што еўрапейская краіна - гэта дзяржава, большая частка тэрыторыі якой знаходзіцца ў Еўропе. Гэтаму крытэрыю, безумоўна, адпавядаюць Беларусь і Украіна.
«Беларусь і Польшча маюць сапраўды вялікую гістарычную і культурную супольнасць, і ў тым ліку нацыянальна-вызваленчую барацьбу», адзначыла лідарка дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская і выказала надзею, што падобным шляхам як Польшча, і Беларусь аднойчы дасягне мір і свабоду.
С. Ціханоўская: Цяпер мы сапраўды знаходзімся пад паўзучай акупацыяй Расіі, як і два стагоддзі таму. Яна зноў спрабуе скрасці нашу ідэнтычнасць, культуру і нават нашу будучыню. Усё, што звязвае нас з Еўропай, дэмантуецца. Вось чаму мы зараз разглядаем шляхі ўмацавання нашай ідэнтычнасці, а таксама грамадзянскай структуры як на радзіме, так і ў выгнанні. Мы вельмі ўдзячныя Польшчы за падтрымку канала «Белсат»і іншых СМІ ў выгнанні. Мы мусім працягваць патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, нашага агульнага героя Анджэя Пачобута і іншых.
Палітвязні, якія выходзяць на волю, перадаюць, што людзі ў беларускіх турмах вераць і чакаюць, што Захад іх выцягне з-за кратаў. У беларускай грамадскай думцы таксама гучаць галасы, што варта падумаць пра дыялог з Лукашэнкам. Радаслаў Сікорскі на Касцюшкоўскім форуме казаў пра супрацоўніцтва Польшчы з міжнароднымі партнёрамі ў намаганнях да вызвалення ўсіх палітвязняў. Наша Рэдакцыя запытала, якое меркаванне міністра наконт дыялогу з Лукашэнкам.
Р. Сікорскі: У нас ужо былі перыяды, калі Лукашэнка забіваў сваіх палітычных канкурэнтаў, і былі вязні, якіх вызваляў, пасля чаго быў магчымы дыялог з Еўрасаюзам. Нагадаю, што я неаднаразова бываў у Мінску з калегамі-міністрамі са Швецыі і Германіі, таксама былі перспектывы супрацоўніцтва ў эканамічнай, палітычнай і фінансавай сферах у той час, калі Беларусь спыняла рэпрэсіі і давала больш свабоды беларусам. Ну, а цяпер усё дакладна наадварот. Палітзняволеных сёння больш, чым пры Брэжневе. З такім рэжымам весці дыялог вельмі складана.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што прапановы дыялогу з Лукашэнкам з'яўляюцца з 2020 года, але яны, пакуль, непрымальныя. Мусяць быць выкананыя ўмовы.
С. Ціханоўская: Гэта магчыма? Які дыялог можна весці ва ўмовах такіх жудасных рэпрэсій? Мы лічым, што спачатку ён павінен спыніць рэпрэсіі, а потым можна будзе разглядаць нейкі дыялог. І толькі тады мы падтрымаем такую ідэю. Але гэта не павінен быць дыялог паміж прадстаўнікамі Лукашэнкі і нашымі дэмакратычнымі саюзнікамі. Не, павінен быць круглы стол, як у вас у Польшчы. Мы не ведаем як павядуць сябе нашыя амерыканскія партнёры, але разам з еўрапейскімі мы павінны быў упэўненымі, што рэжым Лукашэнкі сядзе за такі стол. Што тычыцца прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі, то тут, калі ласка, будзьце асцярожнымі, таму што калі мы называем узурпатара прэзідэнтам, то гэта ўводзіць у зман грамадства. Лукашэнка — чалавек, які захапіў уладу і развязаў жорсткі тэрор у Беларусі. Ён імітуе нейкія варыянты выбараў, але гэта не робіць яго прэзідэнтам Беларусі і не зробіць яго ў будучыні. Як чалавек, які любіць толькі ўладу, не клапоціцца ні пра што іншае, ні пра нашу ідэнтычнасць, ні пра нашу культуру, нашы карані, ён будзе станавіцца ўсё больш верным саюзнікам Пуціна і па частках будзе прадаваць нас Расіі. Яго не падтрымліваюць беларусы, яны хацелі б бачыць яго як мага далей ад улады. Еўропа яго таксама не падтрымлівае. Адзінае выйсце — дэмантаваць гэты рэжым, аслабіць яго эканамічна і палітычна, каб ён нарэшце паддаўся нашаму ціску, сеў за круглы стол і нам тады трэба будзе правесці свабодныя выбары.
Святлана Ціханоўская падкрэслівала, што краіны Захаду павінны настойваць на поўным вывадзе ўсіх узброеных сіл з Украіны і Беларусі, што Беларусь не можа быць суцяшальным прызам для Пуціна падчас мірных перамоў Украіны і Расіі.
Касцюшкаўскі форум у Гданьску праходзіў у рамках старшынства Польшчы ў ЕС. Мерапрыемства было зладжана на тэрыторыі былой суднаверфі, дзе пачынаўся польскі рух «Салідарнасць», у Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская
Здымкі: PAP/Adam Warżawa