12 лютага прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў аб тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным. Падчас гутаркі прэзідэнты ЗША і Расіі дамовіліся пачаць мірныя перамовы па вайне ва Украіне, пра што потым Трамп распавёў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Пры гэтым, у адміністрацыі Дональда Трампа адкрыта кажуць, што Украіна не будзе ў НАТА і не вернецца да межаў 2014 года.
- У нас была вельмі змястоўная размова. Людзі не ведаюць, што думае Пуцін, а я перакананы, што ён таксама хоча скончыць вайну. Мы збіраемся сустрэцца, плануецца яго прыезд сюды, і мой туды. Першая ж сустрэча адбудзецца ў Саўдаўскай Аравіі. Паглядзім, да чаго мы зможам дамовіцца. Я хачу завершыць гэту вайны, - гэта катастрофа. Новы сакратар абароны казаў, што практычна немагчымае вяртанне Украіны да межаў 2014-га года, і ўступленне ў НАТА. Я згодны. Спатрэбіцца шмат час перад тым, як Украіну прымуць у НАТА. Я з разуменнем да гэтага стаўлюся. Найважнейшае спыніць вайну: з НАТА ці без.
Пасля чаго амерыканскі прэзідэнт таксама размаўляў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Размова ішла аб заканчэнні вайны. Дональд Трамп заявіў пра неабходнасць неадкладна пачаць перамовы па гэтым пытанні. Гэтаму будзе прысвечаная сустрэча Уладзіміра Зяленскага з віцэ-прэзідэнтам ЗША Дж.Д.Вэнсам і дзяржсакратаром Маркам Рубіа, якая адбудзецца ў пятніцу ў Мюнхене.
Добрая і аб'ектыўная - так ацаніў Уладзімір Зяленскі размову з Дональдам Трампам.
— Гэта была доўгая размова. Мы абмеркавалі шмат ваенных, дыпламатычных і эканамічных нюансаў. Прэзідэнт Трамп сказаў мне тое, што яму сказаў Пуцін. Я перакананы, што ў Амерыкі дастаткова сіл, каб працаваць з намі і іншымі партнёрамі, каб прымусіць Расію і Пуціна заключыць мір.
У сваю чаргу ўчора міністр фінансаў ЗША сустрэўся ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны. Гэта першы візіт прадстаўніка новай амерыканскай адміністрацыі Дональда Трампа ва ўкраінскую сталіцу. Скот Бэсэнт запэўніў, што прэзідэнт ЗША хоча спыніць вайну паміж Украінай і Расіяй, яго краіна падтрымлівае Украіну перад абліччам расійскай агрэсіі:
— Гэта мой першы афіцыйны візіт за мяжу. Гэта моцны сігнал, што вайна ва Украіне — адзін з найважнейшых выклікаў для адміністрацыі Дональда Трампа. Прэзідэнт Трамп хоча размаўляць з абодвума бакамі.
Кіраўнік Пентагона Піт Хегсэт заявіў, што трывалы мір для Украіны павінны даць шырокія гарантыі бяспекі, менавіта краіны Старога кантынента павінны аказаць Украіне «пераважную большасць» ваеннай дапамогі.
— Мы скончым гэтую разбуральную вайну і дасягнём трывалага міру, толькі аб'яднаўшы сілу нашых саюзнікаў з рэалістычнай ацэнкай сітуацыі на полі бою. Як і вы, мы хочам суверэннай і квітнеючай Украіны, але мы павінны пачаць з прызнання таго, што вяртанне да межаў да 2014 года - нерэальная мэта. Імкненне да гэтага падманлівага бачання толькі падоўжыць вайну і прынясе больш пакут. Злучаныя Штаты не вераць, што сяброўства Украіны ў НАТА было б рэалістычным вынікам заключэння пагаднення. Замест гэтага любыя гарантыі бяспекі павінны быць падмацаваныя прысутнасцю еўрапейскіх і нееўрапейскіх войскаў. Калі гэтыя войскі будуць разгорнутыя ва Украіне ў якасці міратворцаў, яны павінны зрабіць гэта ў рамках місіі, незалежнай ад NATO і без абароны па артыкуле 5. Мы заклікаем вашы дзяржавы і вашых грамадзян падвоіць намаганні і заняцца не толькі задавальненнем патрэб Украіны, але і патрэбаў стрымлівання і абароны Еўропы. Наш трансатлантычны альянс доўжыўся дзесяцігоддзямі, і мы цалкам чакаем, што ён захаваецца і на будучыя пакаленні, але гэтага проста не адбудзецца. Мы чакаем, што нашы еўрапейскія саюзнікі прымуць адпаведныя меры і заняцца пытаннямі звычайнай бяспекі кантынента.
Украінцы бачаць у заявах амерыканцаў больш пагроз, чым выгад. Так Львоўскі журналіст Артур Жак баіцца, што мірныя перамовы з Расіяй будуць весціся без удзелу Украіны.
- Мы бачым тое, што прыходзіць да нас з Расійскай Федэрацыі. Расія можа сесці да перамоў толькі пасля вызвалення усіх тэрыторый, якія запісаныя у расійскую Канстытуцыю. Гэта значыць, што украінская армія мусцт выйсці з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласці, і яшчэ прызнанне Крыму. На гэта ва Украіне ніхто не пагодзіцца.
Любыя саступкі Расіі, якія падарвалі б тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, толькі ўзмацняць рэваншысцкую палітыку Крамля, заявіў Польскаму радыё ўкраінскі палітоляг Максім Джыгун.
- Расійскія ўлады адчуваюць, што іх пазіцыі ўмацоўваюцца. Яны разумеюць, што іх пагрозы і ўльтыматумы аб умовах спынення вайны даюць плён. Таму яны будуць працягваць ціснуць і выстаўляць новыя патрабаванні.
Украінскі палітолаг Яўген Магда непакоіцца, што цяперашні сцэнар спынення агню можа пазбавіць Украіну гарантый бяспекі. Эксперт не верыць у магчымасць адпраўкі Захадам мірнага кантынгенту:
- «Не трэба далёка шукаць. Нават Польшча адмаўляецца пасылаць такі кантынгент. Я не асуджаю гэта, я толькі канстатую факт. Таму, калі наш сусед і стратэгічны партнёр не хоча пасылаць такія войскі, на каго яшчэ мы можам разлічваць? І гаворка ідзе не пра ўжыванне вайсковых сіл, а пра мірны кантынгент».
Заява амерыканскага міністра абароны выклікае заклапочанасць і ў Польшчы, зазначыў аналітык Польскага інстытута міжнародных спраў Матэвуш Пятроўскі.
- Гэта не пачатак перамоў з пазіцыі сілы, пра што казаў Дональд Трамп. Адразу мы атрымоўваем сігнал ад амерыканскай адміністрацыі, што няма зацікаўленасці ў тым, каб бараніць украінскую пазіцыю. У такой сітуацыі ўзнікае пытанне, якое стаўленне да іншых спраў, якія расіяне захочуць абмяркоўваць у працэсе перамоў.
У адказ на заявы Трампа з'явіліся першыя рэакцыі з боку еўрапйескіх палітыкаў. Так кіраўнікі МЗС Веймарскага трохкутніка — Германіі, Францыі і Польшчы — а таксама Італіі, Іспаніі і Вялікабрытаніі выступілі з заявай, у якой запэўнілі ў далейшай падтрымцы Украіны.
Юры Ліхтаровіч