Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў абмяркавалі ў Эр-Рыядзе магчымы сцэнар спынення вайны ва Украіне. Сустрэча ў саудаўскай сталіцы таксама накіраваная на паляпшэнне напружаных адносін паміж ЗША і Расіяй.
Сёння ў Саудаўскай Аравіі адбылася афіцыйная сустрэча высокапастаўленых дэлегацый з Расіі ды ЗША. З расійскага боку ў ёй узялі ўдзел міністр замежных спраў Лаўроў і памочнік прэзідэнта Ушакоў да кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў. З амерыканскага боку былі кіраўнік Дзярждэпартамента Рубіа, саветнік па нацыянальнай бяспецы Уолтц і спецпрадстаўнік Уіткоф.
Гэта першая сустрэча на такім узроўні з пачатку вайны ва Украіне, якая адбылася пасля нядаўняй тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтам Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным. Тады абодва лідары выказалі ўзаемнае жаданне перамір’я і пагадзіліся пачаць перамовы аб спыненні вайны ва Украіне. Рашэнне сустрэцца ў Эр-Рыядзе азначае адыход ад ранейшай палітыкі адміністрацыі ЗША, якая практычна не кантактавала з расійскімі афіцыйнымі асобамі.
Украіну выключылі з сённяшніх перамоў у Саудаўскай Аравіі. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў не будзе прызнаваць ніякіх пагадненняў, заключаных у Эр-Рыядзе без яго ўдзелу. Прадстаўнікі Еўропы таксама не прысутнічалі падчас размоў. З чым мы маем дачыненне, мы запыталіся ў палітолага Аляксандра Лагвінца.
- Гэта пачатак інстытуцыянальных размоў паміж ЗША і Расіяй адноснага магчымага фармату вырашэння сітуацыі ва Украіне. Гэта крок шмат каго здзівіў, але мы бачым, што ствараецца пляцоўка для размоў з Расіяй. Заходняя ізаляцыя Крамля скончылася, ЗША спрабуюць акрэсліць контуры спынення вайны ва Украіне.
Гэта можна разглядаць і як спробу ЗША вярнуцца да стратэгічнага дыялогу з Масквой, дадае адмысловец.
- ЗША зацікаўлена, каб зменшыць залежнасць Расіі ада Кітаю. Трамп разглядае Кітай як галоўнага канкурэнта ЗША. Для Украіны гэта можа ствараць пагрозу.
Учора ў Парыжы лідары правялі нефармальны саміт, каб абмеркаваць агульную стратэгію і пацвердзіць падтрымку Украіны. Еўропа дэкларуе падтрымку, перамір’е У краіна можа выкарыстаць і для свайго ўзмацнення арміі ды эканомікі.
- Калі паглядзець на тое, што вайна можа быць спыненая, дык гэтага моцна чакаюць ва Украіне. Але ўкраінскія інтарэсы ды інтарэсы Еўропы не знаходзяцца сярод прыярытэтаў амерыканскай адміністрацыі. Яны хочуць атрымаць бліскучую дыпламатычную перамогу, але дэталямі яны не пераймаюцца, таму не вядома куды ўсё павернецца. Тым больш, што няма веры расійскаму боку, там ужо запушчана ваенная машына, грамадства прапагандысцкі накручанан на вайну.
Перамовы расійскай і амерыканскай дэлегацыі ў Эр-Рыядзе завяршыліся. Паводле заяў расійскага боку, перагаворы прайшлі нядрэнна, але, пакуль цяжка сказаць, што пазіцыі Расіі і ЗША збліжаюцца.
З неафіцыйных дадзеных вынікае, што Крэмль прапанаваў Трампу расійскую нафту і доступ у Арктыку, пасля таго як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адмовіўся падпісваць пагадненне з ЗША аб карысных выкапнях без гарантый бяспекі. Апроч таго Расія і ЗША прапануюць трохступеньчаты мірны план, які ўключае спыненне агню, выбары ва Украіне, затым падпісанне канчатковага пагаднення, перадае Fox News. Гэта кепскі варыянт для Украіны ды Еўропы, перакананы Аляксандр Лагвінец.
- Ніхто з амерыканскай адміністрацыі не кажа пра тое, што расійскі рэжым – гэта агрэсар, які зрабіў усё, каб падарваць ранейшы міжнародны парадак. Спрабаваць залагодзіць такога разбуральніка – не самая лепшая стратэгія.
Таксама расійскі апазіцыянер у выгнанні Дзьмі тры Гудкоў заявіў Радыё Свабода, што Дональд Трамп не мае плану перамоў, і што Пуцін гэтым скарыстаецца.
- Шанцы на тое, што нейкая мірная дамова будзе падпісаная, змяншаюцца. Бізнес-падыход Трампа не спрацуе, і гэта ініцыятыва можа зайсці ў тупік. Можна ўявіць, што Пуцін зусім не зацікаўлены ў спыненні вайны. Для яго ўсе гэтыя кансультацыі зручныя - учора ён ваенны злачынец, сёння ён партнёр для прэзідэнта ЗША. Вайна скончыцца толькі ў выпадку падзення рэжыму Пуціна. Да таго часу можа быць толькі часовае прыпыненне ваенных дзеянняў.
На перамовах у Эр-Рыядзе гаворка пойдзе аб спыненні ваенных дзеянняў ва Украіне і магчымым зняцці эканамічных санкцый з Расіі. Зазначацца таксама, што на наступным тыдні можа адбыцца сустрэча Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Юры Ліхтаровіч