Беларуская Служба

Двое польскіх палітыкаў удзельнічалі ў назіранні за выбарамі ў Беларусі

04.02.2025 16:27
Роберт Тышкевіч: «Гэта здрада, падтрымка гібрыднай вайны Пуціна і Лукашэнкі».
        .
На "выбарах" прэзідэнта Беларусі неафіцыйна прысутнічалі назіральнікі ад Польшчы. Фота: БелТА

Rzeczpospolita піша, што двое польскіх палітыкаў, якія калісьці былі дэпутатамі Сейму, адправіліся ў якасці назіральнікаў на выбары ў Беларусь, дзе іх выкарысталі прапагандысты. Былы дэпутат Кшыштаф Талвіньскі (Krzysztof Tołwiński) казаў на БТ, што працэсы, якія назіраюцца ў Беларусі, больш нагадваюць дэмакратыю, чым тое, што адбываецца ў Польшчы. Разам з ім выступаў Вацлаў Клюкоўскі (Wacław Klukowski). Абодва калісьці былі палітыкамі “Права і справядлівасці”, пазней – іншых партый, а цяпер стварылі міні-групоўку "Фронт".

“На жаль, мы дажылі да часоў, калі ў Польшчы ствараюць пралукашэнкаўскія партыі”, - жахаецца былы дэпутат "Грамадзянскай кааліцыі" Роберт Тышкевіч, які лічыцца спецыялістам па Беларусі. І дадае: “Тое, што гэтыя палітыкі рабілі апошнім часам у Беларусі, з’яўляецца дзяржаўнай здрадай. Гэта значна перавышае межы свабоднага выказвання поглядаў. Гэта актыўная падтрымка гібрыднай вайны, якую вядуць Пуцін і Лукашэнка”.

Талвіньскі і Клюкоўскі раздавалі інтэрв’ю, у якіх хвалілі арганізацыю беларускіх выбараў, не згадваючы аб тым, што яны былі зладжаны выключна пад аднаго кандыдата. Талвіньскі напісаў у сацсетках, што яны далі інтэрв’ю расійскім, кітайскім і беларускім СМІ.  

Партыя Талвіньскага “Фронт” практычна невядомая ў Польшчы. Аднак яе значэнне можа вырасці. Справа ў тым, што ён заявіў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Калі б яму ўдалося сабраць адпаведную колькасць подпісаў і зарэгістравацца, ён бы атрымаў доступ да дэбатаў і магчымасць прадстаўляць свае погляды ў СМІ.

нг