Беларуская Служба

«Гэта тэст для нашых партнёраў: калі наступае пытанне адказнасці злачынцы - ніхто не хоча гэтага падтрымаць». Латушка пра адказнасць Лукашэнкі ў Гаазе

11.02.2025 18:56
Ці можа так скласціся, што Лукашэнку ўдасца ўхіліцца ад адказнасці. Пра гэта мы запыталі намесніка кіраўніка АПКБ Паўла Латушку.
Аўдыё
  • «Гэта тэст для нашых партнёраў: калі наступае пытанне адказнасці злачынцы - ніхто не хоча гэтага падтрымаць». Латушка пра адказнасць Лукашэнкі ў Гаазе
Павел Латушкакрыніца: АПКБ

Беларускія дэмакратычныя сілы імкнуцца прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці перад Міжнародным крымінальным судом за злачынствы супраць беларускага народа. Скаргу на Лукашэнку падала Літва. Ці можа так скласціся, што Лукашэнку ўдасца ўхіліцца ад адказнасці. Пра гэта мы запыталі намесніка кіраўніка АПКБ Паўла Латушку.

Вы актыўна ўдзельнічаеце ў намаганнях прыцягнуць Лукашэнку да Міжнароднага крымінальнага суда. На якой стадыі знаходзяцца справы з гэтым звязаныя?

— Сёння мы працуем над тым, каб сабраць максімальную колькасць інфармацыі, доказаў, якія пацвярджаюць здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці Лукашэнкам і яго паплечнікамі. Над гэтым працуе каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і шмат пазаўрадавых арганізацый. 30 пазаўрадавых арганізацый звярнуліся да краін-членаў Міжнароднага крымінальнага суда перадаваць інфармацыю і падтрымаць зварот Літвы, каб справа беларуская была разгледжана па сутнасці і каб Лукашэнку ў перспектыве быў выдадзены ордар на арышт. Цяпер мы працуем 24/7, каб перадаць пракурору як мага больш доказаў, бо фармальна гэтая справа ўжо існуе дзякуючы пазіцыі Літвы. Другое, над чым мы будзем працаваць, - гэта спецыяльны трыбунал па факце агрэсіі супраць Украіны. Важна, каб Лукашэнку не ўдалося выйсці з-пад адказнасці за тое, што ён даў тэрыторыю Беларусі для транзіту расійскай арміі, за тое, што даў беларускую інфраструктуру для нанясення ўдараў у бок Кіева і па тэрыторыі Украіны. Падчас маіх апошніх сустрэч у Савеце Еўропы, які адказвае за стварэнне спецыяльнага трыбунала, мы вельмі дэталёва абмяркоўвалі як з Сакратарыятам Савета Еўропы, так і з украінскай дэлегацыяй. Я спадзяюся, што гэта будзе чарговы ціск на Лукашэнку. Мы будзем дабівацца адказнасці, нягледзячы на тое, падтрымліваюць нас некаторыя краіны, ці не падтрымліваюць.

Якія краіны падтрымліваюць, або ёсць шанцы, што падтрымаюць заяву ў МКТ?

— На сённяшні дзень ніводная краіна не падтрымала, толькі Літва.

Калі, у якіх умовах можна будзе прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці?

— Па-першае, мы кажам мэсідж Лукашэнку, ён вельмі баіцца лёсу Мілошавіча. Ён разумее, што калі будзе выдадзены наказ на арышт, то гэта адбудзецца. Мы не адкажам на пытанне «заўтра, ці паслязаўтра». Але гэта таксама мэсідж для эліт. Эліты таксама павінны зразумець, што перспектыў з Лукашэнкам яны не маюць - іх перспектыва ў Гаазе, або змяняць сваю пазіцыю, сыходзіць з гэтай службы. Гэта стратэгічнае пытанне. Гэта не вырашае ўсіх нашых праблемаў, як і санкцыі не вырашаюць. Гэта фарміраванне «кулака моцы», які будзе працаваць на тое, каб зрынуць гэты рэжым. І калі мы не будзем рабіць канкрэтных крокаў і толькі казаць словы, то перспектывы ў нас марныя. Але ўсё ж такі, я спадзяюся, што шмат якія еўрапейскія краіны або перагледзяць сваю пазіцыю, або далучацца да ініцыятывы Літвы.

А калі раптам Лукашэнка памяняе сваю пазіцыю, тады праца, якую каманда цяпер робіць, змарнуецца?

— Я сёння сабе задаў пытанне, ці пракурор, які складае абвінавачванне ў крымінальнай справе ў нацыянальнай юрысдыкцыі - (можа) ён падумае і перадумае падаваць гэтае абвінавачанне, таму што, маўляў, злачынец зробіць штосьці горш, напрыклад пачне катаваць суседзяў, або як у сітуацыі з Беларуссю, з Лукашэнкам, усе баяцца - «можа ён затакуе Украіну, а можа ён здзейсніць яшчэ чарговыя дзеянні». Ці тады існавала б сістэма правасуддзя ў свеце? Не! Ніводны пракурор не рабіў бы абвінавачання, бо рызыкі будуць прырастаць. Ці злачынства спыняецца, ці факту злачынства няма, калі злачынец перастае рабіць гэтае злачынства? Не! Злачынства ёсць юрыдычным фактам. І за гэты юрыдычны факт павінна наступіць адказнасць. Калі яна не наступіць, ідзе дэстабілізацыя ўсяго міжнароднага права ў прынцыпах дэмакратыі. Я стаўлю пытанне такім чынам: сёння тэст не для нас, гэта тэст для нашых партнёраў - ці дэмакратыя сапраўды вартая таго, каб за яе змагацца, калі наступае пытанне адказнасці злачынцы - ніхто не хоча гэтага падтрымаць.

У выпадку, калі іншыя краіны не падтрымаюць заявы Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, Лукашэнка ўхіліцца ад адказнасці?

— Не. Заява Літвы - гэтага ўжо дастаткова, але каб прыспешыць працэдуру, каб мець большую матывацыю, канешне, важна падтрымка іншых краін. Як і ў сітуацыі з Украінай. Украінскую справу падтрымала, бадай, 47 краін-членаў МКС. Пакуль, Літву - ніхто.


Адзначым, што Беларусь не з'яўляецца часткай Міжнароднага крымінальнага суда і гэта ўсё ўскладняе. Менавіта праўныя аспекты стрымліваюць Польшчу і іншыя краіны ад далучэння да заявы Літвы.

Гутарыла Яланта Смялоўская

Польшча, Украіна і Швецыя выказалі падтрымку ініцыятыве Літвы паскардзіцца ў Міжнародны крымінальны суд на злачынствы Лукашэнкі

04.02.2025 22:19
Падчас Касцюшкоўскага Форуму ў Гданьску Павел Латушка заклікаў еўрапейскія краіны далучыцца да заявы Літвы ў Міжнародны крымінальны суд адносна злачынстваў Лукашэнкі.

Міністр МЗС Швецыі: Зварот у Міжнародны крымінальны суд — новы метад, як можна дамагацца адказнасці Лукашэнкі

07.02.2025 14:18
Польшча, Украіна і Швецыя выказалі падтрымку ініцыятыве Літвы паскардзіцца ў Міжнародны крымінальны суд на злачынствы Лукашэнкі, але...