Беларуская Служба

У Польшчы абмяркоўваюць правілы бяспекі медыцынскіх ратаўнікоў падчас працы з пацыентамі

11.02.2025 18:17
Медыцынскі ратаўнік лічыцца дзяржаўным служачым, за нападзенне альбо агрэсію супраць яго, чалавек будзе адказваць як за нападзенне альбо прымяненне агрэсіі супраць паліцэйскага. 
Аўдыё
  • Бяспека медыцынскіх ратаўнікоў.
Карэта варшаўскай хуткай медыцынскай дапамогі фота: Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net

Ужо некалькі тыдняў у Польшчы абмяркоўваюць сітуацыю медыцынскіх ратаўнікоў, якія ездзяць у карэтах хуткай дапамогі па выкліках да хворых. Усё пачалося з трагічнага здарэння ў горадзе Седльцэ, дзе п’яны мужчына напаў з нажом на ратаўніка, які прыехаў да яго па выкліку. Ад нанесеных ран медык памёр. У сувязі з гэтым шмат гаворыцца пра бяспеку ратаўнікоў. Журналіст нашай рэдакцыі Валеры Саўко, акрамя працы на радыё, паралельна працуе таксама ў хуткай дапамозе.


Валеры Саўко ў прафесійным адзенні. Валеры Саўко ў прафесійным адзенні.

Ці здараліся небяспечныя сітуацыі на працы?

— Хачу зазначыць, што ў Польшчы існуе такая медыцынская прафесія, якая называецца «медыцынскі  ратаўнік». Некаторыя перакладаюць як «парамедык», хаця гэта не да канца тое ж самае. Амерыканскі парамедык ці нямецкі маюць вельмі абмежаваныя правы выконвання прафесіі, а ў нас вельмі шырокія. У Польскай хуткай дапамозе ўвогуле практычна няма лекараў, усё ляжыць на нашых плячах. 

Сапраўды, здараліся сітуацыі даволі непрыемныя, звязаныя з пацыентамі пад уплывам алкаголю, наркотыкаў, з псіхічным разладам. Прыходзілася выклікаць нарад паліцыі, тому што мы баяліся за сваю бяспеку, за бяспеку апаратуры, якая знаходзіцца ў карэтах хуткай дапамогі, а гэта вельмі дарагія рэчы. Асяроддзе медыцынскіх ратаўнікоў цяпер падняло пытанне пра павелічэнне бяспекі.

Я хачу яшчэ нагадаць, што медыцынскі ратаўнік падчас выконвання прафесійных абавязкаў лічыцца дзяржаўным служачым, за нападзенне альбо агрэсію супраць нашай прафесійнай групы, чалавек будзе адказваць як за нападзенне альбо прымяненне агрэсіі супраць паліцэйскага.

Падчас навучання вас вучаць некаторым правілам абыходжання з пацыентамі, скажам, ёсць правіла, што нельга адварочвацца спінай да пацыента, трэба яго пастаянна трымаць у полі зроку. Відаць, гэтага мала? 

— Падчас вучобы нам убіваюць у галаву пэўныя правілы, якіх трэба прытрымлівацца падчас працы. Калі казаць пра «псіхічных пацыентаў», ніколі медыцынскі ратаўнік не павінен ісці па сходах перад пацыентам, таму што мы не ведаем, што можа здарыцца. Калі ёсць падазрэнне, альбо мы бачым, што пацыент агрэсіўны, дыспетчар выклікае нарад паліцыі, адзін з паліцэйскіх можа ехаць у карэце з намі. Першае правіла: калі мы прыязджаем, ацэньваем сітуацыю, ці ёсць бяспечна. Калі небяспечна, мы не ўваходзім ў кватэру. Маё асабістае меркаванне — з агрэсіяй і іншымі паталагічнымі сітуацыямі трэба змагацца юрыдычна.

Напэўна вы абмяркоўваеце ў сваім асяроддзі гэты выпадак ў Седльцэ. Што, на тваю думку, там пайшло не так, што здарылася? 

 Магло здарыцца тое, што былі парушаны працэдуры. Быў таксама іншы выпадак, я асабіста ведаю калегу, таму што гэтая брыгада, якая мела гэты выпадак, працуе са мной на станцыі. Яны забралі п'янага са станцыі метро. У Польшчы ёсць закон, што калі чалавек п'яны да непрытомнасці, з ім няма кантакту, яго трэба завезці ў аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі ў адной з бальніц. А калі ён у кантакце, мы яго абследуем і калі з ім усё нармальна, ён едзе ў выцвярэзнік. Такое задавальненне ў Варшаве каштуе больш за 100 еўра. І аказалася, што гэты пацыент быў непрытомны, хлопцы павезлі яго ў бальніц. Пачаў прачынацца, пачаў біць нагамі ў дзверы карэты, пачаў біць па апаратуры, вельмі дарагой. Калега зайшоў у медыцынскі адсек і атрымаў нагой ці рукой па твары. Прычым, даволі моцна, таму што засталіся сляды. І вельмі хутка прыехала паліцыя, і на фоне гэтага забойства ў горадзе Седльцэ, пракуратура вельмі хутка ўзбудзіла крымінальную справу, ну і справа пайшла ў суд. Так што выпадкі агрэсіі здараюцца, але паводле мяне, яны не такія частыя, на шчасце.

нг


Posłuchaj
08:24 11-spol.mp3 Бяспека медыцынскіх ратаўнікоў.