Беларуская Служба

Дзесяцігоддзе без Барыса Нямцова. Сёння расійская дэмакратычная апазіцыя раз'яднаная

01.03.2025 08:10
Праціўнікаў Пуціна забівалі, іншыя былі вымушаныя эміграваць.
.
.PAP/EPA/ANATOLY MALTSEV

Дзесяць гадоў таму ў цэнтры Масквы пад мурамі Крамля быў забіты лідар расійскай дэмакратычнай апазіцыі. Сёння ў Расіі ніхто не адважваецца крытыкаваць Уладзіміра Пуціна ўслых, піша Rzeczpospolita.

– Гэты чалавек шкодзіць маёй радзіме. Ён разбурыў усе дзяржаўныя інстытуты, маргіналізаваў парламент, разбурыў федэралізм і мясцовае самакіраванне, знішчыў свабодную прэсу, прывёў да дэградацыі расійскія спецслужбы. За час кіравання Пуціна расійская эканоміка ператварылася ў «бананавую эканоміку», хаця замест бананаў у нас нафта і газ, – казаў Барыс Нямцоў у інтэрв'ю выданню «Rzeczpospolita» ў снежні 2013 году. — Імперскае мысленне, што ўсе вакол нас — нашы «малодшыя браты», шкодзіць інтарэсам Расіі. Надышоў час гэта змяніць, - гаварыў ён падчас візіту ў Варшаву.

Праз некалькі месяцаў палітык узначаліў дэмакратычны марш апазіцыі ў Маскве з асуджэннем анексіі ўкраінскага Крыму. Ён быў адным з нямногіх вядомых ва ўсёй Расіі палітыкаў, якія гучна асуджалі Пуціна за вайну на Данбасе і гуртавалі вакол сябе праціўнікаў Крамля. Ён не дажыў да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі ва Украіне. Забойца стрэліў яму ў спіну шэсць разоў у ноч на 27 лютага 2015 года на Вялікім Маскварэцкім мосце ў Маскве. Зусім побач з Крамлём.

Эстафету пасля Нямцова ў расійскай апазіцыі пераняў Аляксей Навальны, які праз свой фонд барацьбы з карупцыяй раскрыў шматмільярдныя актывы найвышэйшых расійскіх палітыкаў. Ён згуртаваў вакол сябе расійскую моладзь і склаў сур'ёзную канкурэнцыю крамлёўскай прапагандзе ў інтэрнэце. Смерць Навальнага канчаткова дабіла расійскую дэмакратычную апазіцыю.

Вядучыя расійскія апазіцыянеры, якіх Пуцін вызваліў у рамках абмену палоннымі з ЗША, раскідаліся па свеце.

– Сёння расійская дэмакратычная апазіцыя раз'яднаная, знаходзіцца ў стане вялікай нявызначанасці. Зараз у дэмакратычнай апазіцыі няма лідараў, здольных прыцягнуць натоўп і атрымаць падтрымку значнай часткі расіян, - лічыць праф. Уладзімір Панамароў з апазіцыйнага З'езду народных дэпутатаў. – Асобныя еўрапейскія краіны спрабавалі падштурхнуць да аб’яднання апанентаў Крамля ў выгнанні, але з гэтага нічога не атрымалася. У сваю чаргу, перамовы Трампа і Пуціна, якія працягваюцца, не абяцаюць хуткіх змен у Расіі. Свет змяняецца і пачынае паварочвацца ўправа, - цытуе Панамарова выданне «Rzeczpospolita».

ав