Беларуская Служба

Праф. Роман Шуль: Каб захавацца як нацыя, важна ганарыцца сваёй мовай і культурай

20.03.2025 15:01
Варшаўскі вучоны Роман Шуль піша кнігу «Народы. Перажытак, пагроза ці неабходнасць?».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Р.Шуль пра нацыі і мовы.
 .
Ілюстрацыйнае фота.pixabay.com

Чаму пісьменніца Эліза Ажэшка, якая жыла ў Гродне ў часы Расійскай імперыі, захавала польскую мову і не стала рускай пісьменніцай? Чаму тыя, хто настальгуе па СССР у Беларусі і іншых краінах Усходняй Еўропы, не абавязкова хочуць уваходзіць у склад Расіі?

Адказы на гэтыя пытанні шукае Роман Шуль (Roman Szul), надзвычайны прафесара Цэнтра еўрапейскіх рэгіянальных і мясцовых даследаванняў (Euroreg) Варшаўскага ўніверсітэта. У Варшаве выйшлі дзве яго кнігі: у 2024 г. — Separatyzmy, ruchy niepodległościowe i regionalizmy we współczesnej Europie («Сепаратызмы, рухі за незалежнасць і рэгіяналізмы ў сучаснай Еўропе»), а ў 2022 г. — Dynamika imperiów-cywilizacji a system światowy («Дынаміка імперый-цывілізацый і сусветная сістэма»). 

У навуковым асяроддзі імя праф. Шуля вядома як даследчыка гісторыі фарміравання нацый і дзяржаў і іх суперніцтва. Але ў цэнтры ўвагі вучонага не толькі гісторыя, але і тое, што цяпер можна назіраць у Беларусі ці ва Украіне. У сваёй навуковай дзейнасці ён спалучае веды ў галінах эканамічнай палітыкі і рэгіянальнага развіцця з лінгвістыкай, сацыялінгвістыкай. Яму, як знаўцу гісторыі і сучаснага развіцця рэгіянальных і нацыянальных рухаў і даследчыку палітычных і лінгвістычных пытанняў, многія складаныя з'явы сучаснасці бачацца ў шырокай — сусветнай перспектыве.

Даследчык, сярод іншага, мяркуе, што ў постсавецкіх краінах немагчыма хутка і ўсім пазбавіцца ад менталітэту, які ўкараняўся дзесяцігоддзямі ці нават стагоддзямі — яшчэ з часоў царызму. Асабліва гэта відавочна там, дзе ўкраінцы змагаюцца за сваю нацыянальную ідэнтычнасць і незалежнасць.

— Частка насельніцтва на паўднёвым усходзе Украіны хацела не прыходу Расіі, а вяртання Савецкага Саюза. Яны аднаўлялі помнікі Леніну, бо для іх Ленін сімвалізаваў СССР, а не абавязкова Расію. Ленін у Расіі ў прынцыпе непапулярны, бо ён разбурыў царскую Расію. Тым часам ва ўсходняй Украіне аднаўлялі помнікі Леніну, бо хацелі Савецкі Саюз, а не абавязкова Расію. Жыццё, асабліва жыццё на вайне, поўнае сюрпрызаў… Да таго ж, я калісьці быў ва Украіне ў якасці эксперта, саветніка ўрадавай дэлегацыі Польшчы. Памятаю, як на нарадзе ў Міністэрстве эканомікі сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Украіны. Кожны з іх расказваў пра тое, што адбываецца ў яго рэгіёне. Палова размаўляла па-руску, палова — па-ўкраінску. Гэта было перад першым Майданам…

Прафесар Шуль лічыць, што напад Расіі на Украіну не быў выпадковым, а вынікаў з даўніх планаў уладароў Крамля. Яны разлічвалі на прарасійскае насельніцтва ва Украіне, але няправільна зразумелі гэту краіну, перш чым яе атакаваць. Настальгія часткі насельніцтва па СССР ва Украіне, Беларусі ці Малдове не тоесная з жаданнем увайсці ў склад Расіі.

— Інтарэсы Расіі, а асабліва інтарэсы Пуціна, заключаюцца ў тым, што ён хацеў завяршыць сваю доўгую кар'еру як лідар, які вярнуў ранейшую вагу Расіі, а не як той, хто пагадзіўся на яе падзел. СССР ужо няма, але некаторыя спачатку яшчэ верылі, што калі расіяне прыедуць на танках, то СССР «вернецца». Людзі тужылі па імперыі, бо хацелі атаясамліваць сябе з чымсьці вялікім і магутным. Гэта з'ява датычыць не толькі Расіі. Напрыклад, у заморскіх тэрыторыях Францыі некаторыя жыхары атаясамліваюць сябе скарэй з Францыяй, чым з уласным краем — Гаянай ці Рэюньёнам. Бо ўсе хочуць быць часткай чагосьці, што мае большы прэстыж, што дае пачуццё гонару. Такія з'явы натуральныя ў працэсах інтэграцыі, пры ўмове, што тое, з чым мы інтэгруемся, прывабнае. Калі яно не прывабнае, то інтэграцыя грунтуецца толькі на прымусе, а з прымусам далёка не зойдзеш.

Гэты прымус ярка дэманструе рэжым Пуціна ў адносінах да Украіны і іншых суседзяў.

Паводле Романа Шуля, у Польшчы мова і ідэнтычнасць не паддаліся захопнікам з Усходу, будучы каштоўнасцямі, якія з'яўляліся прывабнымі на ўсёй тэрыторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

— Чаму ў Польшчы, на польскіх землях насельніцтва не паддалося русіфікацыі ў XIX-ХХ стагоддзях, нягледзячы на тое, што ў ваколіцах Познані адбывалася далейшая германізацыя (гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад Германскай імперыі. — Рэд.)? Гэта тлумачыцца галоўным чынам тым, што руская культура была чужая палякам, не была чымсьці, чым можна было б ганарыцца. Прыкладам можа быць пісьменніца Эліза Ажэшка, якая жыла ў Гродне, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але пісала па-польску. Яна заўсёды гаварыла па-польску, а калі да яе прыязджалі царскія чыноўнікі, яна таксама размаўляла з імі па-польску. Гэта пытанне пачуцця гонару — некаторыя яго маюць, а іншыя не. Расія не была чымсьці прывабным для Ажэшка, Сянкевіча, Пруса ці Жаромскага. Большасць з іх тварыла ў Варшаве. Для іх руская культура не была чымсьці каштоўным, у той час як на ўсход ад Польшчы, там, дзе дамінавала праваслаўе, пачалі з'яўляцца рускія ўплывы, якія паступова пранікалі ў мясцовую культуру.

Больш інфармацыі пра нацыянальна-культурныя працэсы ў Польшчы, Беларусі і іншых краінах Еўропы і свету можна знайсці як у кнігах Романа Шуля, так і наведаўшы яго лекцыі ў Варшаўскім універсітэце.

Дарэчы, цяпер Роман Шуль піша кнігу пад рабочай назвай Narody. Przeżytek, zagrożenie czy konieczność? («Народы. Перажытак, пагроза ці неабходнасць?»). Праз месяц-два ён абяцае скончыць гэту працуі звярнуцца да рэктара Варшаўскага ўніверсітэта па фінансавую падтрымку яе выдання.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Сяргей Навумчык: Пры Лукашэнку наступае «русский мир», а беларусізацыя выключана

24.01.2025 13:01
Сяргей Навумчык лічыць, што пасля «выбараў» 26 студзеня ад Аляксандра Лукашэнкі можна чакаць розных крокаў, але толькі не пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы.

Прафесар Херонім Граля: На Захадзе часта не ўлічваюць спецыфікі Беларусі

17.02.2025 13:54
Гісторык і дыпламат Херонім Граля лічыць, што на Захадзе для Беларусі распрацоўваюць сцэнарыі, якія не спрацавалі б і многа дзе ў Еўропе.