Беларуская Служба

Дэпутатка Еўрапейскага парламента ад адной з краін-членаў ЕС заклікае Пуціна падзяліць Украіну

18.03.2025 16:52
Яна адкрыта заклікае Пуціна падзяліць Украіну і аддаць Румыніі частку яе тэрыторыі.
 .
Дыяна Шашоакэ.Фота: Vadim Ghirda/AP

Выданне Forsal.pl піша, што Пуціна заклікалі падзяліць Украіну і перадаць частку яе тэрыторый суседняй краіне, якая ўваходзіць у Еўрапейскі Саюз. Ліст з такой просьбай накіравала ў Крэмль адна з еўрадэпутатак, якая таксама спрабуе стаць прэзідэнтам сваёй краіны.

Тыя, хто меркаваў, што недапушчэнне да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі прарасійскага палітыка Кэліна Джорджэску разварушыць найбольш радыкальныя сілы, цяпер атрымалі першыя доказы. З гэтай краіны пачынаюць паступаць трывожныя навіны.

Рашэнне адхіліць ад выбараў чалавека, абвінавачанага ў прарасійскіх сімпатыях, пачынае мець наступствы. У справу ўключыліся дзве яшчэ больш радыкальныя партыі, а лідарка адной з іх, якая цяпер з'яўляецца еўрадэпутаткай, звярнулася па дапамогу непасрэдна да Пуціна. Гэта Дыяна Шашоакэ (Diana Iovanovici Șoșoacă), член партыі S.O.S Румынія. Яе ліст з задавальненнем цытуе расійскае агенцтва РИА Новости, а ўкраінскія СМІ выказваюць абурэнне.

У сваім звароце да Пуціна еўрадэпутатка жорстка крытыкуе румынскую выбарчую камісію, якая адмовілася зарэгістраваць яе кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Яна сцвярджае, што гэта рашэнне было прынята не з-за яе неканстытуцыйных выказванняў, як заяўляюць улады, а з-за яе жадання наладзіць добрыя адносіны з Расіяй. Шашоакэ называе гэта «сапраўднай дыктатурай» і сцвярджае, што ў Румыніі шмат людзей, якія сімпатызуюць Расіі. Яна спадзяецца, што яе ліст будзе ўспрыняты ў Крамлі як «пасланне міру ад імя румынскага народа».

Аднак гэта не ўсё. У сваім звароце яна адкрыта заклікае Пуціна падзяліць Украіну і вярнуць Румыніі тэрыторыю, якая, на яе думку, Украіне не належыць.

«Ёсць румынскія землі, незаконна акупаваныя Украінай у выніку несправядлівага пакта Рыбентропа-Молатава, які быў пазней скасаваны, таму мы маем права абараняць румынаў на гэтых тэрыторыях і хочам іх вярнуць», — цытуе ўкраінскае выданне «Украінская праўда». Таму Шашоакэ просіць Пуціна, каб падчас мірных перамоў улічвалася пытанне вяртання гэтых тэрыторый Румыніі.

Заклікі да падзелу Украіны не новыя. Расія ўжо неаднаразова прапанавала падзяліць яе тэрыторыю, шукаючы саюзнікаў для сваіх злачынстваў. Напрыклад, яна прапанавала Польшчы Львоў і заходнюю Украіну. Польскія ўлады заўсёды рашуча адхілялі гэтыя прапановы, яны не знаходзяць падтрымкі нават сярод палітычных груп, якія абвінавачваюцца ў прарасійскіх поглядах.

нг