Беларуская Служба

У Віцебску зноў паспрабуюць пабудаваць копію полацкага Сафійскага сабору

12.06.2023 16:14
Патрэба пабудовы такога будынку ў горадзе ставіцца пад сумнеў.
Начны Віцебск фота: belarus.by

Грамадскае абмеркаванне будаўніцтва пачынаецца з 21 чэрвеня. Ідэя з узвядзеннем у Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабору 18 стагоддзя не новая. Двойчы спробы заканчваліся правалам. Першы раз, у 2016 годзе, жыхарам Віцебску ўдалося абараніць парк, які збіраліся вырубіць пад будаўніцтва.

Другі раз, у 2021 годзе, калі пад копію сабору была абраная іншая пляцоўка – на ўзбярэжжы Дзвіны непадалёк ад гандлёвага дома «Беларусь», – справа дайшла толькі да ўстаноўкі памятнага знака на месцы будучага будаўніцтва. Як высветлілася, ініцыятары не мелі належнага фінансавання, аднак цяпер, падобна, грошы знайшліся.

Ніхто чарговы раз не спытаўся ў людзей, ці патрэбны ў горадзе яшчэ адзін храм, тым болей копія таго, чаго ў Віцебску ніколі не існавала. Пры тым, што ў будынку плануецца размясціць не храм для вернікаў, а памяшканні для прыёму дэлегацый, трапезную, гардэроб і г.д. Такім чынам, гэта будзе хутчэй офісны будынак, а не месца для малітвы.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск