Беларуская Служба

У Мінск прыехала расійская ўпаўнаважаная па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова, ордар на арышт якой выдаў суд у Гаазе

01.11.2023 11:13
У Беларусь прыехала расійская ўпаўнаважаная па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова, ордар на арышт якой выдаў суд у Гаазе.
 -.
Марыя Львова-Бялова. Фота: Прэс-служба Крамля

З паслом Расіі ў Беларусі яна абмеркавала «дапамогу дзецям Данбаса», перадае Sputnik.

1 лістапада Марыя Львова-Бялова прыехала ў Мінск, дзе сустрэлася з паслом РФ у Беларусі Барысам Грызловым. Па словах расійскага дыпламата, у 2021 годзе ў Беларусі пабывалі 2250 дзяцей з акупаваных Расіяй абласцей Украіны. Грызлоў заявіў, што Беларусь і Расія і надалей працягнуць вывозіць украінскіх дзяцей.

У сваю чаргу Львова-Бялова адзначыла, што яна вельмі ўдзячная Беларусі за дапамогу ўкраінскім дзецям, якая «робіць вялікі ўнёсак, дапамагаючы дзецям перазагрузіцца і перабудавацца на мірны лад жыцця».

Нагадаем, у сакавіку гэтага года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў гэтай краіне Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю і перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей.

Абвінавачанні Беларусі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей

Дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны прывозяць у Беларусь з 2016 года. Апошнім часам гэтым займаецца фонд паралімпійца і праўладнага актывіста Аляксея Талая. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы сёлета 27 красавіка прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі – датычнымі да яго.

У МЗС Беларусі запэўніваюць, што часовыя прыезды дзяцей на аздараўленне ў Беларусь «адбываюцца з выкананнем адпаведных прававых працэдур, усе дзеці ўязджаюць і выязджаюць з Беларусі легальна ў суправаджэнні дарослых, маючы на руках усе неабходныя дакументы».

Аднак існуе нямала доказаў, што для ўкраінскіх дзяцей у беларускіх лагерах ладзяць канцэрты і іншыя мерапрыемствы, дзе праўладныя актывісты прапагандуюць нянавісць да Украіны і выказваюць пажаданні, каб Расія «ўзяла кантроль» над ёй.

zerkalo.io / вх