Беларусы сталі больш марнаваць і менш берагчы. Вырасла доля тых, хто вымушаны эканоміць на ежы. Пры гэтым эканамічны аптымізм расіце, канстатавала малодшая навуковая супрацоўніца BEROC Віялета Панасевіч падчас прэзентацыі даследавання ў Вільні.
Даследаванне паказала, што ў траціны рэспандэнтаў знізіліся даходы. Гэта прыкладна такая ж доля, якая была ў папярэднім апытанні, праведзеным у лістападзе мінулага года. У ім удзельнічала больш за 1 тысячу чалавек, нагадвае «Люстэрка».
У той жа час змена курсу рубля да долара і еўра перастала быць важнай прычынай, якая ўплывае на ўзровень даходаў. Але па-ранейшаму сярод асноўных прычын, якія на гэта паўплывалі – рост коштаў.
Тыя рэспандэнты, якія паведамілі аб зніжэнні даходаў, прызналіся, што сталі менш эканоміць у вольны час, а таксама адкладаюць на будучыню буйныя пакупкі. На 9 працэнтных пунктаў вырасла колькасць тых, хто стаў больш марнаваць. У той жа час павялічылася колькасць апытаных, якія эканомяць на ежы, і стала менш за тых, хто робіць зберажэнні. Пры гэтым 21 працэнт апытаных заявілі, што зараз добры час зберагаць.
«Курс на дэдаларызацыю не прайшоў», – адзначыла эканамістка Віялета Панасевіч. 41 працэнт удзельнікаў даследавання аддалі б перавагу захоўваць зберажэнні ў замежнай валюце ў наяўнай форме. 34 працэнты выбралі б набыццё нерухомасці.
У той жа час становіцца больш людзей, якія бачаць паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. Чвэрць апытаных сказалі, што іх матэрыяльнае становішча палепшылася.
Стала менш прыхільнікаў цэнавага рэгулявання ў параўнанні з тым, колькі іх было ў самым пачатку ўвядзення сістэмы адміністрацыйнага кіравання коштамі. Тым не менш у цэлым 61 працэнт падтрымлівае коштавае рэгуляванне. Пры гэтым большасць хацела б альбо яго захавання ў ранейшым выглядзе, альбо нават узмацненні жорсткасці коштавага кантролю. Пры гэтым, паводле слоў аналітыка, людзі разумеюць, якімі могуць быць наступствы. У тым ліку яны называюць магчымае звужэнне асартыменту тавараў, пагаршэнне фінансавага становішча кампаній.
аз