Беларуская Служба

«Народныя амбасады» прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»

04.03.2024 16:30
Нагадваем, 12 лютага ініцыятыва дэмсіл «Народныя амбасады» паведаміла пра «хакерскі напад і ўзлом сайта».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:madartzgraphics/pixabay.com/CC0 Public Domain

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 28 лютага прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» ініцыятыву «Народныя амбасады», вынікае з абноўленага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе «Позірк».

Сцвярджаецца, што «экстрэмісцкую дзейнасць» вядзе «група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў сеткавых рэсурсаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй назве словазлучэнні «Беларусы зарубежья» / «Беларусы замежжа».

Афіляванымі з «фарміраваннем» рэсурсамі пазначаны сайты «Народные посольства» («Народныя амбасады»; belarusabroad.org), «Всемирный конгресс Беларусов 2.0» («Сусветны кангрэс Беларусаў 2.0»; belaruscongress.org), тэлеграм-каналы «Беларусы Замежжа» і закрытыя групы «Чат Беларусы зарубежья», «Пиар-штаба», а таксама ютуб-каналы «Беларусы Замежжа», «Альянс расследователей Беларуси».

12 лютага ініцыятыва дэмсіл «Народныя амбасады» паведаміла пра «хакерскі напад і ўзлом сайта». Было заяўлена, што ўладальнікі «не страцілі ніякіх асабістых звестак, акрамя пароляў доступу <…> адмінаў».

Праект «Народныя амбасады Беларусі» створаны ў 2020 годзе і функцыянуе на грамадскіх пачатках больш як у 20 краінах.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заяўляў, што актывісты «народных амбасадаў» і былыя супрацоўнікі МЗС, уключаючы амбасадараў, якія звольніліся ў 2020 годзе на знак пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў, у стане «забяспечыць функцыі Міністэрства замежных спраў і амбасадаў Беларусі за мяжой».

Акрамя таго, згодна з згаданым пералікам, МУС 1 сакавіка прыняло аналагічнае рашэнне адносна інтэрнэт-супольнасці «ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%». З гэтым «фарміраваннем» нібыта звязана «група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў» аднайменнага тэлеграм-канала, у прыватнасці «Скуман Арцём Сяргеевіч, 11.08.1986 г.н»..

3 сакавіка гэтае ж ведамства прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» «групу грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў сеткавых рэсурсаў «Это Минск, детка» і звязаныя з ім сайт thisminsk.org, тэлеграм-каналы «Тутэйшы Шляхціч», «Это Минск, детка», старонкі ў «Інстаграме» («Это Минск, детка | Гэта Менск, дзетка», usiaslau_paszkievicz), «Трэдс» («Это Минск, детка | Гэта Менск, дзетка»), Х (Гэта Менск, дзетка | Это Минск, детка», Usiaslau_P), «Фэйсбуку» («Это Минск, детка»), «УКантакце» («Это Минск, детка», «Усяслаў Пашкевіч»), «Аднакласнікі» («Это Минск, детка»), «ЦікТоку» (thisminsk), ютуб-каналы («Это Минск, детка», «Тутэйшы Шляхціч»).

аз