Беларуская Служба

Дырэктарка «Белсата»: Бюджэт тэлеканала скарачаецца амаль удвая, давядзецца зліквідаваць шмат перадачаў

08.03.2024 14:06
Дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы перакананая, што ніводная ўстанова не можа перажыць такога скарачэння.
    -.
Дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы.zdj. Agata Kwiatkowska/facebook.com/agnieszka.romaszewska

Дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы заявіла пра скарачэнне бюджэту тэлеканала амаль на 50%. Пра гэта яна напісала ў Facebook: «У якасці падарунка да жаночага дня ліквідацыя – не дэ-юрэ, дэ-факта. Не магу паверыць».

Рамашэўска-Гузы паведаміла, што ў 2023-ім годзе бюджэт Белсата складаў 74 мільёны злотых (каля $19 мільёнаў па цяперашнім курсе), з якіх 63 мільёны злотых давала Міністэрства замежных спраў Польшчы, а яшчэ 11 мільёнаў злотых – TVP (грамадскае Польскае тэлебачанне).

У 2024 годзе бюджэт зменшыцца да 40 мільёнаў злотых (каля $10 мільёнаў). Усе гэтыя грошы выдзяляе Міністэрства замежных спраў Польшчы, а TVP не дае нічога.

«Ніводная ўстанова – і тым больш тая, што вельмі эфектыўна кіруе грашыма, – не перажыве скарачэння бюджэту амаль на 50%», – перакананая Рамашэўска-Гузы.

У каментары «Радыё Свабода» Агнешка Рамашэўска-Гузы выказала меркаванне, што ў новых умовах давядзецца закрыць шэраг перадач.

«Мы выкарыстоўваем тэхнічную інфраструктуру і плацім за яе. Няважна, колькі там працуе чалавек, 5 ці 15, мы плацім за яе столькі ж сама. Няважна, колькі людзей працуе ў памяшканні, 40 ці 180, мы ўсё роўна плацім за арэнду такую ж суму. Розніца можа быць, але яна будзе мізэрнай. Для параўнання, на цыклічныя перадачы «Белсату«, такія як «Двубой з Цыганковым«, «План B«, «Вячэрні шпіль«, мы выдаткоўваем 17 мільёнаў злотых. Гэта палова таго, што нам збіраюцца абрэзаць. Людзі часам не разумеюць, колькі каштуе тэлевізія. Гэта выдаткі на тэхніку, спадарожнік, студыі», – гаворыць Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Яна кажа, што не разумее матывацыі МЗС і намагаецца даведацца дэталі такога рашэння. Дапускае, што сітуацыя можа быць звязаная з планамі новага тэлеканалу TVP World, які хочуць зрабіць аналагам шматмоўных каналаў Deutsche Welle ці BBC.

«Магчыма, ад нас хочуць забраць рускамоўныя праграмы. Але не ўяўляю, як гэта будзе адбывацца. Мы маем рускамоўнага гледача, больш за 1,3 мільёна падпісчыкаў на Youtube. У нас працуюць спецыялісты, якія гэта паспяхова робяць. Навошта нешта мяняць, калі ўсё працуе – загадка», – лічыць Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Калі захаваецца бюджэт, пра які цяпер вядома, то бок 40 мільёнаў злотых, то каналу давядзецца зліквідаваць шмат перадачаў, кажа Рамашэўска.

вх