У Нізкіх Татрах у Славакіі 31-гадовая беларуска загінула, ратуючыся ад мядзведзя. Паводле папярэдніх звестак, прычынай смерці сталі цяжкія траўмы галавы, атрыманыя ў выніку падзення з вышыні каля 150 метраў. Тэму працягвае Войцех Стобба:
- Пара беларусаў у пятніцу шпацыравала па турыстычнай сцежцы ў раёне Дзямяноўскай даліны. Сустрэўшы мядзведзя, беларусы разбегліся ў розныя бакі. Жывёла пабегла за жанчынай. Страціўшы сувязь з партнёркай, мужчына і выклікаў дапамогу. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, знайшлі мужчыну без цялесных пашкоджанняў. 31-гадовая жанчына без прыкмет жыцця была знойдзена з дапамогай паліцэйскага сабакі. Каб дабрацца да цела паліцыянты былі прымушаны напалохаць мядзведзя, які кружыў непадалёка, страляючы ў паветра. Міністр аховы навакольнага асяроддзя Славакіі Томаш Тараба назваў смерць беларускі непатрэбнай трагедыяй. Ён паведаміў, што разам з Румыніяй, Славакія ўнясе ў Савет Еўрасаюза прапанову аб зніжэнні ўзроўню аховы бурага мядзведзя, што дасць магчымасць эфектыўна рэгуляваць папуляцыю гэтага віду.
Гэта не першы такі выпадак у Славакіі. У нядзелю неўзабаве пасля поўдня мядзведзь з'явіўся ў цэнтры гарадка Ліптоўскі Мікулаш. Жывёла параніла пяць чалавек, у тым ліку дзіця. Мэр гарадка даўно звяртаў увагу на тое, што мядзведзі ўсё часцей набліжаюцца да жылых раёнаў.
IAR/аз