Беларуская Служба

Колькі торфу вырабляе і экспартуе Беларусь - прадстаўнік «Белтопгаз» агучыў лічбы

19.03.2024 12:20
Пра тое, колькі торфу здабывае і экспартуе наша краіна, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення тарфяной прамысловасці аб'яднання «Белтопгаз» Сяргей Гурло.
 .
Здабыча торфу.topgas.by

Здабыча і вытворчасць

«Пры існуючых абʼёмах здабычы і перапрацоўкі запасаў торфу будзе дастаткова для выкарыстання ў эканоміцы на бліжэйшыя сто гадоў», – кажа Сяргей Гурло.

Паводле яго слоў, Беларусь займае першае месца ў свеце па ўзроўню здабычы торфу і абʼёму вытворчасці брыкетаў. Штогод у рэспубліцы здабываецца каля 2 млн тон торфу.

Прадукцыя тофрабрыкетных заводаў пастаўляецца арганізацыям ЖКГ, цэментнай прамысловасці, насельніцтву, запатрабавана ў сельскай гаспадарцы, а таксама экспартуецца на знешнія рынкі.

Адмысловая ўвага надаецца непаліўнай групе. «Сумесна з НАН Беларусі распрацавана больш як 50 рэцэптур тарфяных субстратаў, якія могуць быць спакаваны ў розную тару ад 5 да 250 літраў і выкарыстаны як для патрэб спажывецкага рынку, так і ў прамысловых цяплічных камбінатах», – расказаў Сяргей Гурло.

У 2024 годзе пачата рэалізацыя праекта па будаўніцтву цэха па кіпанню торфу і вытворчасці тарфяных субстратаў на ААТ «Туршоўка» праектнай магутнасцю 32,5 тыс. тон у год, у рамках якога будзе рэалізаваны выпуск шырокага спектра пажыўных грунтоў.

Экспарт

За 2023 год на знешнія рынкі пастаўлена 150 тыс.т тарфяной прадукцыі паліўнага і непаліўнага прызначэння. У вартасным выражэнні гэта больш за 12 млн долараў.

Беларуская торфапрадукцыя адгружалася ў 20 краін блізкага і далёкага замежжа. Па дадзеных UN Comtrade, у 2023 годзе імпарт з Беларусі таварнай пазіцыі «Торф (у тым ліку тарфяную дробку), агламераваны або неагламераваны» ажыццяўлялі:

Польшча,
Чэхія,
Літва,
Германія,
Турцыя,
Кітай і інш.

Асаблівая ўвага ўдзялялася развіццю супрацоўніцтва ў тарфяной сферы з кітайскімі кампаніямі. «У 2023 годзе ў Кітайскую Народную Рэспубліку пастаўлена 1,9 тыс. тон тарфяной прадукцыі непаліўнага прызначэння на агульную суму 190,7 тыс. долараў», – паведаміў Сяргей Гурло.

Вядзецца работа па выхаду на новыя знешнія рынкі краін цэнтральнай Азіі, Блізкага і Далёкага Усходу шляхам удзелу ў міжнародных спецыялізаваных выставах.



Паводле «Беларусы і рынак»/вх