Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў беларускім і расійскім спартоўцам удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Што да іх удзелу ў цырымоніі закрыцця Алімпіяды, пытанне разгледзяць пазней. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі дырэктар дэпартамента МАК па сувязях з НАК Джэймз Маклаўд, паведамляе «Свабода».
Пакуль для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях-2024 кваліфікацыю ўжо прайшлі 7 беларускіх спартоўцаў і 12 расійскіх. У МАК чакаюць, што, «паводле найбольш верагоднага сцэнару», агулам кваліфікацыю на Алімпіяду пройдуць 36 расіян і 22 беларусы. «Максімальная колькасць, якая наўрад ці будзе дасягнутая, складае 55 і 28 адпаведна», – дадаў Маклаўд.
Беларускія і расійскія спартоўцы будуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у нейтральным статусе. У медальнай табліцы іх згадваць не будуць, пры іх перамозе прагучыць гімн АІН (Athlete Individuel Neutre, «індывідуальныя нейтральныя атлеты»).
8 снежня 2023 года Выканаўчы камітэт МАК прыняў рашэнне, што спартоўцы з Беларусі і Расіі змогуць выступіць на летняй Алімпіядзе ў Парыжы 2024 года ў нейтральным статусе. Да Алімпіяды дапусцяць толькі індывідуальных атлетаў, а не каманды, якія пройдуць кваліфікацыю ў рамках існых крытэраў адбору. Да спаборніцтваў не дапусцяць спартоўцаў, якія актыўна падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне.
6 сакавіка стала вядома, што беларускіх і расійскіх паралімпійцаў не дапусцяць да цырымоній адкрыцця і закрыцця Паралімпійскіх гульняў-2024. Яны будуць удзельнічаць у спаборніцтвах індывідуальна, у нейтральнай форме пад нейтральным сцягам і не будуць фігураваць у табліцы медалёў. Дзяржаўныя сцягі Беларусі і Расіі, а таксама іншая нацыянальная сімволіка, у тым ліку вайсковая, строга забароненыя паблізу любых аб’ектаў, звязаных з Паралімпійскімі гульнямі.
Летнія Паралімпійскія гульні пройдуць у сталіцы Францыі з 28 жніўня па 8 верасня.
аз