Беларуская Служба

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да прадстаўнікоў Народных пасольстваў і беларусаў замежжа

20.03.2024 11:01
Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу ў адносінах да 100 чалавек і пагражае ім канфіскацыяй маёмасці ў Беларусі.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

СК узбудзіў крымінальную справу па арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) у адносінах да 100 чалавек – кіраўнікоў і удзельнікаў Народных пасольстваў і Беларусаў замежжа. Улады пагражаюць канфіскацыяй іх маёмасці ў Беларусі, паведамляе «Наша Ніва».

Паводле СК, народныя пасольствы Беларусі і інфармацыйныя цэнтры беларусаў за мяжой, ставілі мэтай «мерапрыемствы па ізаляцыі дыпламатычных прадстаўніцтваў сістэмы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і блакаванні любых кантактаў замежных грамадзян, арганізацый і ўрадаў з беларускімі дыпламатамі».

Беларускія дыяспары СК вінаваціць у тым, што яны разгарнулі інфармацыйныя кампаніі па дыскрэдытацыі «краіны ў вачах заходніх палітыкаў», «генеравалі інфармацыйна-палітычны і эканамічны ціск на дзейныя органы ўлады і службовых асобаў Беларусі, распаўсюджвалі заведама ілжывыя звесткі аб палітычным, ваенным і міжнародным становішчы краіны, прававым становішчы грамадзян; заклікалі да ўвядзення санкцый; распальвалі сацыяльна-палітычную і ідэалагічную варожасць, займаліся эскалацыяй антыдзяржаўных пратэстных настрояў у грамадстве». «Такім чынам яны спрабавалі прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы», – сцвярджае СК.

Па версіі СК, мэтай «новай Беларусі» і фармавання альтэрнатыўнай сістэмы органаў улады стаяла «выключная ідэя сілавога захопу дзяржаўнай улады».

Цяпер Следчы камітэт, паводле паведамлення, мае інфармацыю больш чым пра 100 прадстаўнікоў дыяспар.

У адносінах да кіраўнікоў і ўдзельнікаў Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Цяпер, піша СК, праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку ператрусы, накладанне арышту на маёмасць. Паводле СК, устаноўлена больш як 30 аб'ектаў нерухомай маёмасці, што належаць фігурантам справы, на тэрыторыі Беларусі.

аз