Беларуская Служба

У Віцебску збіраюцца ліквідаваць грамадскае аб'яднанне па артэрыяльнай гіпертаніі

20.03.2024 14:37
Абʼяднанне існавала з 2000 года на базе віцебскага медуніверсітэта.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/Mohamed_hassan

Пазоў Міністэрства юстыцыі пра ліквідацыю Беларускага грамадскага абʼяднання па артэрыяльнай гіпертаніі разглядаюць у Віцебскім абласным судзе. Абʼяднанне зʼяўляецца рэспубліканскім, хоць і было створана ў 2000 годзе на базе Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта.

Арганізатарам абʼяднання зʼяўляецца заслужаны дзеяч навукі, доктар медычных навук Уладзіслаў Падпалаў. Пад яго кіраўніцтвам праведзена восем міжнародных канферэнцый па дадзенай праблеме, у якіх бралі ўдзел вучоныя больш чым з 20 краін свету, у тым ліку з Расіі, ЗША, Канады, Нідэрландаў, Швецыі, Польшчы, Грэцыі, Латвіі, Літвы, Філіпінаў, Сірыі і іншых краін.

Засмучальная тэндэнцыя па ліквідацыі некамерцыйных арганізацый пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года працягваецца і сёлета. Улады самі ліквідуюць грамадскія абʼяднанні або ствараюць невыносныя ўмовы для іх дзейнасці. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што некамерцыйныя абʼяднанні, якія ліквідуюць, атрымлівалі грошы на фінансаванне мяцяжоў і рэвалюцый. Аднак эксперты лічаць, што ўлады бачаць у некамерцыйных абʼяднаннях пагрозу для іх кантролю над сітуацыяй у краіне.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск