Першы энергаблок БелАЭС зноў на рамонце. На станцыі яго называюць «планава-папераджальным», але колькі ён будзе праводзіцца, не ўдакладняюць. Адзначаецца, што будзе зроблена «перагрузка ядзернага паліва ў рэактарнай ўстаноўцы» — адпрацаванае заменяць на свежае (у РБ яго прывезлі з Расіі ў верасні). У актыўную зону рэактара загрузяць каля 25% цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам.
Таксама анансуецца «планавае тэхнічнае абслугоўванне, дыягностыка, дэфектацыя і рамонт абсталявання і тэхналагічных сістэм, у тым ліку кантроль стану асноўнага металу і зварных злучэнняў абсталявання і трубаправодаў». Рамонтам зоймецца не толькі персанал БелАЭС, але і супрацоўнікі «беларускіх і расійскіх падрадных арганізацый».
Першы энергаблок БелАЭС увялі ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021-га, другі энергаблок — у лістападзе 2023 года. Першы «планава-папераджальны рамонт» на першым блоку АЭС адбыўся ў 2022 годзе. Тады яго адключылі на паўгода. Наступны рамонт правялі восенню 2023-га.
Такі ж «планава-папераджальны рамонт» летам-восенню 2024-га прайшоў на другім энергаблоку Беларускай АЭС. Ён працягваўся 79 дзён. Таксама была праведзена замена адпрацаванага ядзернага паліва на свежае.
Гэтай восенню ў Астравецкім раёне адпрацавалі дзеянні на выпадак не толькі радыяцыйнага забруджвання ў выніку аварыі, але і нападу «тэрарыстаў».
euroradio/эж