Марш быў праведзены арганізацыяй «Рух», партнёрамі выступілі Беларуская дыяспара Беластоку, клуб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863», Беластоцкая Харугва і «Беларускі дом», паведамляе «Радыё Свабода».
Мерапрыемства пачалося ў мястэчку Гарадок, дзе штогод ладзілася «Басовішча», а цяпер «Тутака». Тут ёсць вуліца Кастуся Каліноўскага. Адтуль удзельнікі выступілі пешым маршам у бок вёскі Страшава.
Пешы марш склаў больш за 5 кіламетраў. У Страшаве ўдзельнікі ўшанавалі памяць вядомага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Аляксея Карпюка, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы, а ў час ІІ Сусветнай вайны кіраваў партызанскім атрадам імя Кастуся Каліноўскага.
Таксама актывісты ўшанавалі памяць выбітнага беларускага вайсковага і грамадска-палітычнага дзеяча Міколу Дзямідава, які нарадзіўся ў суседнім Гарадку і быў сваяком Кастуся Каліноўскага. Каля прыдарожнай капліцы ўскладзеныя выявы дзеячаў разам са знічамі.
Партрэты і інфармацыя пра Міколу Дзямідава і Аляксея Карпюка. svaboda.org
Пасля ўдзельнікі маршу зладзілі ўжо аўтапрабег да вёскі Мастаўляны — месца, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Разам з пешым маршам адлегласць склала 26 кіламетраў — менавіта столькі гадоў пражыў нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі.
Рэканструктарскі клуб Invictus 1863 на помніку ў Мастаўлянах. svaboda.org
У Мастаўлянах прайшла ўрачыстая частка мерапрыемства. Яе адкрыў Васіль Калач і іншыя прадстаўнікі клубу Invictus 1863, якія сталі на ганаровай варце каля помніка, апранутыя ў паўстанцкія мундзіры. Праграму працягнула Кацярына Ваданосава, якая прачытала ўласны верш, прысвечаны паўстанню — «Касінерскі баль». У Мастаўлянах загучалі запаветы Яські, гаспадара з-пад Вільні — «Лісты з-пад шыбеніцы». Аляксей Трубкін расказаў пра ранейшыя ўшанаванні памяці герояў паўстання і гісторыю ўсталявання помніку ў Мастаўлянах.
2 лютага 1838 года нарадзіўся Кастусь Каліноўскі.
1 лютага 1863 года на землях тагачаснай Літвы і Польшчы пачалося паўстанне супраць Расійскай імперыі пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Быў падтрыманы Варшаўскі маніфест і створаны часовы ўрад Літвы і Беларусі. 29 студзеня 1864 года Каліноўскі быў схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Св. Яна) у Вільні, дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Таемна пахаваны на Гедымінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўняныя з зямлёй.
вх