Фонд BySol гатовы да працы па эвакуацыі беларусаў з Грузіі, вынікае са слоў кіраўніка фонду салідарнасці Андрэя Стрыжака.
«Мы гатовыя да гэтага працэсу. На жаль, для нас гэта не новая практыка. Мы ўжо працуем з эвакуацыяй з Беларусі. Для нас Грузія — гэта новая лакацыя, геаграфія», — заявіў выданню «Позірк» Андрэй Стрыжак, каментуючы апошнія падзеі ў краіне, што стала прытулкам для тысяч грамадзян Беларусі, якія беглі ад пераследу на радзіме ў 2020-м і наступных гадах.
Стрыжак падкрэсліў, што фонд знаходзіцца «ў шчыльнай камунікацыі» з еўрапейскімі партнёрамі, якія таксама адсочваюць сітуацыю ў Грузіі. Пры гэтым стратэгічнае рашэнне пра выдачу віз і пра тое, ці прымаць беларусаў і ў якой колькасці, прымаюць самі дзяржавы, сказаў кіраўнік BySol.
Нагадаем, пасля спынення прарасійскім урадам Грузіі еўраатлантычнай інтэграцыі, у краіне выбухнулі масавыя пратэсты.
эж