Беларуская Служба

Лукашэнка прызначыў новага міністра культуры. Яшчэ нядаўна ён быў вядоўцам на праўладным канцэрце ў Віцебску

03.12.2024 13:34
Аляксандр Лукашэнка 2 снежня разгледзеў кадравыя пытанні, паведаміла прэс-служба палітыка.
 .
Руслан Чарнецкі. Скрыншот відэа АНТ фота: Люстэрка

Руслан Чарнецкі прызначаны новым міністрам культуры. Раней гэтае крэсла чатыры гады займаў Анатоль Маркевіч. Ён запомніўся палітычна матываванымі звальненнямі ў сферы культуры, адменамі «ідэалагічна няправільных» мерапрыемстваў і праўладным фестывалем, «прысвечаным 30‑годдзю інстытута прэзідэнцтва».

Новаму міністру культуры Руслану Чарнецкаму 43 гады. У 2010 годзе ён скончыў Беларускую дзяржакадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «актор драматычнага тэатра і кіно».

У публічных выступах Руслан Чарнецкі неаднаразова выказваў падтрымку Аляксандру Лукашэнку. У канцы лістапада цяперашні міністр культуры быў вядоўцам на праўладным канцэрце «Час выбраў нас» у Віцебску. У інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня» ён расказаў, што і раней удзельнічаў у такіх мерапрыемствах.

У гутарцы з тады яшчэ вядоўцам тэлеканала АНТ (а цяпер міністрам інфармацыі) Маратам Маркавым у лютым 2023 года Чарнецкі расказаў, якім бачыць фільм пра пратэсты 2020 года.

— Я б здымаў гэта як драму. Я думаў пра гэта, прызнацца. Не адразу, вядома, у 2020-м — трохі пазней. Было ўсё ў 2020 годзе: людзі лаяліся, сем'і развальваліся. Самае страшнае, што сем'і развальваліся. Самае страшнае, што людзі ў адной сям'і адно з адным ніяк не маглі знайсці агульную мову, ніхто нікому нічога не мог даказаць. Гэта самае страшнае, сям’я развальвалася, людзі, што любілі адно аднаго, не маглі знаходзіцца побач. Гэта самае жудаснае, я б пра гэта здымаў. Вось гэта драма, сапраўды, — сказаў Чарнецкі.

У тым жа інтэрв'ю ён прызнаўся, што «ні на секунду не сумняваўся, што абраў правільны бок, падтрымаўшы дзяржаву».

У 2024 Чарнецкі стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дзе пайшоў у пастаянную камісію па адукацыі, культуры і навуцы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка 2 снежня прызначыў новага амбасадара Беларусі ў Туркменістане. Ім стаў Станіслаў Чапурны. А таксама свайго памочніка па Магілёўскай вобласці. Гэтую пасаду заняў Сяргей Налівайка, які з 2014 года быў міністрам на падатках і зборах.

Люстэрка/ав