Беларуская Служба

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Яму пагражае да 15 гадоў

04.12.2024 11:18
Сяргей Нікіфаровіч прапаў у снежні 2023 года, а пасля знайшоўся ў СІЗА КДБ.
Сяргей Нікіфаровіч Фота: belaz.by

У судзе Ленінскага раёна Мінска пачынаецца працэс над 45-гадовым былым генеральным дырэктарам БелАЗа Сяргеем Нікіфаровічам, паведамляе «Наша ніва».

Кіраўнік аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны быў арыштаваны год таму, у снежні 2023-га. Адметна, што інфармацыю пра яго затрыманне тады распаўсюдзілі толькі недзяржаўныя медыя. Для дзяржаўных прапагандыстаў Нікіфаровіч нібыта проста знік — пра тое, што чалавека з кадравага рэзерву Лукашэнкі падазраюць у карупцыі, лепш не ўзгадваць.

Сяргея Нікіфаровіча судзяць па ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса — атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры (або арганізаванай групай, або адказнай асобай). Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.

Падзельнікаў у Нікіфаровіча двое.

Адзін з іх Юрый Шустар, які працаваў начальнікам бюро пакупнога інструмента інструментальна-штампавой вытворчасці БелАЗа.

Асоба яшчэ аднаго фігуранта справы выклікае здзіўленне. Гэта Андрэй Аляксандравіч Даронін. Чалавек з такім іменем быў намеснікам гендырэктара БелАЗа да 2017 года. Тады Дароніна арыштавалі за карупцыю і прысудзілі да 7,5 года зняволення. Пра далейшы яго лёс нічога не вядома. Калі ён вызваліўся? Ці змог зноў уладкавацца на БелАЗ?

Ці Нікіфаровіча і Шустара абвінавачваюць у карупцыі за той перыяд, калі яны працавалі разам з Дароніным у сярэдзіне 2010-х? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма.

яс