Ірына Леўшына поўнасцю адбыла тэрмін зняволення за стварэнне «экстрэмісцкага фарміравання», якім улады палічылі частку супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, і выйшла на волю 7 снежня.
Ірына Леўшына паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што пасля вызвалення не збіраецца выязджаць з краіны.
«7 снежня я шчасліва пакінула ВК-4, адбыўшы за кратамі 3 гады 3 месяцы і 3 тыдні. Паколькі я маю намер заставацца ў Беларусі, усялякія каментары з майго боку, як вы разумееце, немагчымыя», — напісала Леўшына.
Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне ці кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем. Улады прызналі інфармацыйнае агенцтва БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваннем» толькі праз тры месяцы пасля затрымання Леўшынай.
Суд па «справе БелаПАН» пачаўся 6 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе і доўжыўся чатыры месяцы. Суддзя Вячаслаў Тулейка 6 кастрычніка вынес прыгавор: Ірыне Леўшынай прызначылі 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Тады ж па «справе БелаПАН» былі вынесеныя выракі: журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калоніі; ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі; экс-дырэктару БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі.
На пачатку 2023-га Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў «справы БелаПАН». Суддзя Андрэй Кавальчук пакінуў прысуды ў сіле. У хуткім часе Ірыну Леўшыну этапавалі ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі.
вх