У Вільнюсе распачаўся стратэгічны дыялог «Беларусь – ЗША» – перамовы паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і амерыканскімі палітыкамі. Стратэгічны дыялог – гэта платформа для ўмацавання доўгатэрміновых адносін з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі, якая стартавала летась.
Святлана Ціханоўская выступіла ключавым спікерам на панэлі, прысвечанай пытанням дэмакратычнага пераходу, “бязвыбараў” 2025 года і супрацьдзеяння ўплыву і кантролю з боку Расіі ў дачыненні да Беларусі.
Галоўны акцэнт у пасланні лідарка зрабіла на ўдасканальванне стратэгіі па падтрымцы Беларусі:
«Калі мы кажам пра палітыку ў дачыненні да Беларусі, ключавым словам павінна быць паслядоўнасць. Менавіта гэтага мы чакаем ад Злучаных Штатаў і ўсіх дэмакратычных саюзнікаў.
Я прашу вас прытрымлівацца 4-кампанентнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі.
1) Ціск на Лукашэнку і яго рэжым. Тут я маю на ўвазе эканамічныя санкцыі без шчылін, санкцыі супраць Расіі, другарадныя санкцыі. Ціск – гэта ключ да вызвалення палітычных зняволеных і паслаблення рэжыму.
2) Дапамога – людзям, грамадзянскай супольнасці, СМІ, праваабаронцам, рэпрэсаваным і нашым дэмакратычным інстытутам.
3) Адказнасць – прыцягненне вінаватых да адказнасці, дакументаванне іх злачынстваў. Гэта таксама можа дапамагчы раскалоць эліту і наменклатуру.
4) Абавязацельствы. Паказаць беларусам альтэрнатыву, што ў іх ёсць будучыня і што яны будуць мець падтрымку падчас пераходнага перыяду».
Крыніца: Офіс С. Ціханоўскай
нг