Беларуская Служба

Журналістку Вольгу Радзівонаву асудзілі да чатырох гадоў калоніі

10.12.2024 13:12
Палітзняволеную журналістку Вольгу Радзівонаву асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
 .
Вольга Радзівонава.Foto: Фота з адкрытых крыніц

10 снежня 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова вынесла вырак журналістцы Вользе Радзівонавай — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вольгу Радзівонаву абвінавацілі паводле:

  •     ч. 1 і 2 арт. 367 КК РБ — «Паклёп на Лукашэнку»
  •     арт. 369–1 КК РБ — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
  •     ч. 1 арт. 130 КК РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»,
  •     ч. 1 артыкула 368 КК РБ — «Абраза Лукашэнкі».

Працэс па справе журналісткі распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 16 лістапада. Наступнае слуханне прайшло 27 лістапада.

Журналістку Вольгу Радзівонаву затрымалі 7 сакавіка 2024 года. Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 яе накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках.

Хворая маці Вольгі Радзівонавай, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.

Вольга Радзівонава працавала да 2020 года ў KYKY.org, пераважна для рубрыкі «Боль», таксама супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыя.

У зняволенні ў Беларусі цяпер 35 супрацоўнікаў медыя.

baj.media/вх